Як расказаў спартоваму парталу «Трыбуна» колішні сукамэрнік Аляксандра Івуліна па Акрэсьціна, сілавікі знайшлі ягоны фатаздымак падчас аднаго з маршаў, дзе журналіст стаіць на праезнай частцы.
Адпаведна, спрабуюць абвінаваціць у перакрыцьці руху. Паводле інкрымінаванага артыкулу яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
«Наогул Саня ў парадку, наколькі гэта ўвогуле магчыма ў такім месцы. Ён на пазытыве і моцны духам, такія не ламаюцца. Кожны дзень трэнуецца і разьмінаецца, як дазваляюць умовы „хаты“. Вядома, месяц у ЦІП ня мог прайсці незаўважна — схуднеў і аброс, як муджагед, толькі руды», — расказаў адміністрацыйны сядзелец.
Ён таксама пацьвердзіў, што «палітычным» на Акрэсьціна не аддавалі перадач, забралі матрацы і падушкі, на калідор выводзілі «ластаўкай». У камэрах на 4-6 месцаў зьмяшчалі 15-20 чалавек.
Некалькі дзён таму Аляксандра Івуліна перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, дзе ўмовы крыху лепшыя. Тэрмін яго ўтрыманьня працягнулі на два месяцы.
Беларускія праваабаронцы прызналі журналіста, блогера і форварда футбольнага клюбу «Крумкачы» палітвязьнем.