Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ агучыў запрашэньне Лукашэнкі ў Крым. Ці можа Ўкраіна неяк прадухіліць такую паездку? Як Кіеў будзе рэагаваць, калі такая паездка адбудзецца і калі Беларусь прызнае анэксію Расеяй Крыму? Ці ўвядзе Ўкраіна эканамічныя санкцыі адносна Беларусі? Калі прызнаньне анэксіі адбудзецца, ці змогуць новыя, дэмакратычныя лідэры Беларусі «адыграць» гэтае прызнаньне?
На гэтыя пытаньні адказвае ўкраінскі палітоляг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пента» Ўладзімір Фясенка.
Фясенка
- Мы ніяк ня можам прадухіліць прыезд Лукашэнкі ў Крым.
- Але калі ён туды паедзе, гэта будзе яго праблема, а не праблема Ўкраіны.
- Гэта будзе фактычным прызнаньнем афіцыйным Менскам анэксіі Крыму.
- Гэта будзе азначаць больш глыбокі і сыстэмны крызіс у адносінах паміж Украінай і Беларусьсю.
- Да жніўня 2020 году адносіны паміж нашымі краінамі былі даволі добрасуседзкія, але дваістыя.
- Лукашэнка манэўраваў паміж Масквой і Кіевам.
- Калі ён паляціць у Крым, гэта цалкам разбурыць адносіны паміж Беларусьсю і Ўкраінай.
- Візыт Лукашэнкі ў Крым будзе азначаць, што ён здаецца Пуціну.
- Наступным крокам будзе поўная капітуляцыя ў перамовах наконт саюзнай дзяржавы.
- Калі ён прыме расейскую пазыцыю па Крыму, ён будзе здавацца і ва ўсіх іншых пытаньнях.
- Ён сам сябе загнаў у пастку.
- Кіеў ня будзе паддавацца на шантаж Лукашэнкі.
- У сфэры эканомікі мы займаем гнуткую пазыцыю, мы ж не спынілі гандаль з Расеяй.
- Мы зацікаўленыя атрымліваць дызпаліва і бітум зь Беларусі. Чаму мы павінны спыняць гэты імпарт?
- Санкцыі Ўкраіны пераважна тычацца Лукашэнкі, а не эканамічных сувязяў.
- Мы ня будзем нічога прапаноўваць Лукашэнку, каб ён ня езьдзіў у Крым.
- У адказ на паездку Лукашэнкі ў Крым, калі яна адбудзецца, Украіна можа ўсталяваць шчыльныя стасункі зь беларускай апазыцыяй, у прыватнасьці, зь Ціханоўскай.
- Зяленскі днямі будзе ў Літве. Можа, ён сустрэнецца і зь Ціханоўскай.
- У нас таксама ёсьць дыпляматычныя козыры.
- Украіне ў адказ на прызнаньне Менскам Крыму адмовіцца ад імпарту паліва зь Беларусі — гэта адмарозіць сабе вушы назло маці.
- Як і Лукашэнка, калі ўводзіць абмежаваньні на гандаль з Украінай, ён б’е па сваіх вытворцах.
- Нас палохалі, што Лукашэнка ўвядзе гандлёвыя абмежаваньні і ва Ўкраіне адбудзецца паліўны крызіс. Ніякага паліўнага крызісу ў нас не адбылося.
- Прыклад Лукашэнкі ня самы добры нават на постсавецкай прасторы.
- Ня думаю, што, скажам, Нікол Пашыньян пойдзе шляхам прызнаньня анэксіі Крыму ўсьлед за Лукашэнкам.
- Беларускаму народу трэба разабрацца са сваёй будучыняй.
- Ціханоўская — гэта сымбалічная фігура, яна «местоблюститель» апазыцыйнага пасаду.
- А хто будзе кіраўніком Беларусі, калі да ўлады прыйдзе апазыцыя, — невядома. Але, хутчэй за ўсё, гэта будзе нейкая кааліцыя.
- Калі ўжо нават Лукашэнка спрабаваў утрымліваць эклектычны балянс адносна Ўкраіны, то падобнай будзе пазыцыя і яго пераемнікаў.
- Але калі Беларусь стане часткай паўнавартаснай саюзнай дзяржавы, то гэта, зразумела, будзе азначаць і прызнаньне расейскай пазыцыі па Крыму.
- Аднак ці такой будучыні хоча беларускі народ?
- І тады гэта таксама будзе не праблема Ўкраіны, а праблема будучыні Беларусі.
- «Чырвоная лінія» — гэта нават не магчымы візыт Лукашэнкі ў Крым.
- Рэальная «чырвоная лінія» — гэта юрыдычнае прызнаньне анэксіі Крыму.
Што было раней
- «Ці чакаем мы прэзыдэнта Беларусі ў Крыме? Вядома, чакаем» — заявіў 3 ліпеня Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна, у эфіры тэлеканалу «Россия 1».
- «Крым будзе рады прыняць Лукашэнку, на паўвостраве ён адчуе сябе як дома», — заявіў у той жа дзень. кіраўнік расейскай адміністрацыі анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў.
- 1 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пасьля сустрэчы з Пуціным у Сочы даў распараджэньне аднавіць паветраныя зносіны з анэксаваным Расеяй украінскім паўвостравам Крым.
- «У нас ёсьць свой санаторый у Крыме, у Місхоры, куды людзі заўсёды езьдзілі, лёталі. Каб не абвастраць адносіны, мы праз Украіну — хто на цягніку, хто на аўтамабілі, хто на самалёце. Зараз закрылі неба. Я Пуціну сказаў: «Ты падумай, як нам трапіць у Крым. Не праз Польшчу ж паляцім, туды таксама не пускаюць», — казаў Лукашэнка.