Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сёньня ПВТ — гэта проста падатковая схема». Заснавальніца Imaguru Тацяна Марыніч пра пагадненьне з Google і асабісты боль


Тацяна Марыніч падчас канфэрэнцыі для інфэстараў Venture Day Minsk, якую Imaguru ладзіў штогод. 2018
Тацяна Марыніч падчас канфэрэнцыі для інфэстараў Venture Day Minsk, якую Imaguru ладзіў штогод. 2018

У беларускім стартап-хабе Imaguru зьявіліся больш за 300 стартапаў, што стварылі 3,5 тысяч працоўных месцаў. Па словах стваральнікаў, амаль за 8 гадоў працы праект прыцягнуў у беларускую эканоміку звыш 100 млн даляраў інвэстыцый, але быў вымушаны закрыць офіс у Менску пасьля ўмяшаньня сілавікоў.

Заснавальніца і кіраўніца Imaguru Тацяна Марыніч расказала, якія зьмены адбыліся з хабам за два месяцы і чаму Беларусь ніколі не была «Крэмніевай далінай».

«Для кожнага чалавека надыходзіць нейкі момант, калі ты разумееш, што галоўнае, а што другаснае. І проста працягваць займацца бізнэсам для мяне было немагчыма, як і немагчыма цяпер, таму што гэта б азначала закрыць вочы на ўсё, што адбываецца ў Беларусі. Ёсьць нешта галоўнае, праз што ты ня можаш дазволіць сабе пераступіць — празь сябе. І вось гэта самае галоўнае і адбылося», — кажа Тацяна Марыніч.

Што цяпер адбываецца з Imaguru

Пасьля прыходу ў офіс сілавікоў і скасаваньня дамовы арэнды хабу далі 10 дзён, каб вызваліць памяшканьне ў 2500 кв. м. Усё абсталяваньне, мэблю хаб набываў за ўласныя сродкі. Перад высяленьнем каманда ўсё раздала тым, каму гэта было патрэбна.

«Мы моцныя не памяшканьнем, ня сьценамі, якія ў нас былі. Мы моцныя людзьмі, сваімі кампэтэнцыямі, ведамі і кантактамі, якімі мы можам дзяліцца з нашымі супольнасьцямі і стартапамі», — кажа Тацяна.

Каманда працягнула разьвіваць свае праекты ў Эўропе, запусьцілі адукацыйныя праграмы для стартапаў на раньняй стадыі — Imaguru Startup Lab, якую скончылі каля 20 стартапаў, правялі тры хакатоны, канфэрэнцыю Startup Fair у Літве.

А таксама заключылі партнэрскае пагадненьне з Google for Startups.

«Для нас вельмі каштоўна, што Google падтрымаў нас як каманду. Падпісаньне такога пагадненьня з Google павінна выклікаць давер вельмі многіх партнэраў, якія з намі патэнцыйна будуць супрацоўнічаць, гэта ставіць нас у топ стартап-хабаў у Эўропе», — кажа Тацяна.

Але асноўныя бонусы ад такога партнэрства ідуць не Imaguru, а тым стартапам, якія будуць знаходзіцца ў ягоных хабах.

«Праграма Google for startups накіраваная на разьвіцьцё і падтрымку сусьветных, эўрапейскіх праектаў. Гэта значыць, што стартапы, якія будуць супрацоўнічаць з Imaguru (знаходзіцца фізычна ў нашых хабах ці ўдзельнічаць у онлайн-праграмах), будуць мець бясплатны доступ да тэхнічных, рэклямных і іншых прадуктаў Google».

Таксама бясплатным бонусам будзе мэнтарская дапамога ад Google. Напрыклад, тым, хто разьвівае свой стартап і патрабуе тэхнічнай падтрымкі ці кансультацыі, Imaguru знаходзіць мэнтара. Спэцыяліст можа знаходзіцца ў любой частцы сьвету, ён частка сеткі мэнтараў Google.

«Гэта паўтор гісторыі праз 20 гадоў. Гэта страшнае дэжавю»

«Я разумею, што гэта паўтор гісторыі праз 20 гадоў, і гэта абсурдна. Для мяне вельмі многія рэчы як дэжавю, — згадвае Тацяна Марыніч тое, што адбывалася з хабам у Беларусі.

«І турма, і СІЗА КДБ, і ператрусы ў кватэры, калі невядомыя прыходзяць і ламаюць твае дзьверы, хвароба мужа, гэты абсурдны прысуд, і пошукі... Вось як цяпер адбываецца з Бабарыкам і зь Ціханоўскім, калі зьяўляюцца незразумелыя грошы за шафай ці нешта іншае. Вось гэта ўсё, трошкі ў іншай інтэрпрэтацыі, наша сям’я прайшла. Таму гэта страшнае дэжавю».

Міхаіл Марыніч. 2009 год
Міхаіл Марыніч. 2009 год

Муж Тацяны, Міхаіл Марыніч, быў актыўным грамадзка-палітычным дзеячом, старшынём Менскага гарвыканкаму, надзвычайным амбасадарам у Чэхіі, Вугоршчыне, Славаччыне, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі; балятаваўся ў прэзыдэнты на выбарах 2001 году, а ў 2004-м быў арыштаваны КДБ. У 2010-м Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што ў адносінах да Міхаіла Марыніча прымянялі катаваньні і яго перасьлед быў палітычна матываваны. Міхаіл Марыніч стаў у турме інвалідам другой групы, перанёс інсульт і цяжкае захворваньне вачэй. У 2014-м памёр ад паўторнага інсульту.

Ціск на хаб пачаўся яшчэ восеньню мінулага году падчас хвалі нападаў на ІТ-сэктар. Тады праз пагрозы давялося вывезьці зь Беларусі частку каманды. Заснавальніца хабу ўпэўненая, што гэта зьвязана выключна з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй Imaguru. Таксама яна мяркуе, што ціск на хаб мог быць празь яе ўступленьне ў Каардынацыйную раду летась у жніўні.

У Каардынацыйнай радзе Тацяна ўдзельнічае ў разьвіцьці праекту «ЗаДело», які дапамагае рэпрэсаваным бізнэсам. Праект таксама зьбірае факты парушэньняў правоў прадпрымальнікаў і кампаній, каб у будучыні можна было правесьці расьсьледаваньне і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

«Увайсьці ў ПВТ — гэта як пайсьці на ўгоду з сумленьнем»

За ўвесь час існаваньня ў Беларусі Imaguru ня стаў часткай Парку высокіх тэхналёгій.

Тацяна Марыніч у сьценах Imaguru ў Менску
Тацяна Марыніч у сьценах Imaguru ў Менску

«Цяпер многія IT-прадпрымальнікі сапраўды шакаваныя тым, чаму ПВТ не дапамагае, не адстойвае, не становіцца на бок рэпрэсаваных і пацярпелых. Для мяне гэтыя рэчы былі відавочныя даўно, — тлумачыць Тацяна Марыніч. — ПВТ — гэта арганізацыя, якая ўзначальваецца паплечнікам рэжыму, чалавекам, які шмат гадоў працуе на рэжым. І чакаць ад яго прагрэсіўных дзеяньняў проста немагчыма. А для мяне асабіста ўвайсьці ў ПВТ — гэта было сапраўды як пайсьці на ўгоду з сумленьнем. Мы заўсёды разумелі, што ПВТ — гэта інструмэнт кантролю над IT-бізнэсам. Я магу паспрачацца зь любым чалавекам, які спрабуе даказаць, што ПВТ — гэта дабро ці што гэта беларуская „Крэмніевая даліна“. Гэта далёка ня так».

Галоўная перавага Парку — падатковыя льготы. А менавіта — нулявыя падатак на прыбытак, афшорны збор, мытныя пошліны пры ўвозе тэхналягічнага абсталяваньня, падатак на даходы замежных арганізацый, падатак зямельны і на нерухомасьць, і інш. Падаходны падатак складаў раней 9%, але ў 2021–22 гадах яго павысілі да 13%, розьніца нібыта ідзе на барацьбу з пандэміяй COVID-19.

Тацяна лічыць, што стымуляваць і падтрымліваць бізнэс падатковымі інструмэнтамі — гэта правільны крок, але ў выпадку з ПВТ усё ня так добра.

«Падатковыя льготы — гэта заканадаўства. Ня трэба ствараць ніякага дадатковага дзяржаўнага органу, які яшчэ і ўзамен на льготы бярэ 1% ад даходу ўсіх кампаній (у адпаведнасьці з Дэкрэтам № 8.РС). Куды ідуць гэтыя грошы? Калі б яны ішлі на разьвіцьцё інфраструктуры і падтрымку, калі б ПВТ разьвіваў экасыстэму стартапаў ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах, падтрымліваў іншыя хабы, розных гульцоў, тады гэта можна было б неяк зразумець і прыняць. Але, на жаль, сёньня ПВТ — гэта проста падатковая схема».

Парк высокіх тэхналёгій у Менску. Архіўнае фота
Парк высокіх тэхналёгій у Менску. Архіўнае фота

Варта адзначыць, што падатковымі льготамі могуць скарыстацца ня ўсе. Кампанія мусіць падаць заяўку, якую маюць разгледзець, прыняць ці адхіліць. Тацяна лічыць, што гэта няправільна, і калі ўжо даваць ільготы, то ўсім бізнэсам, якія займаюцца разьвіцьцём тэхналёгій.

«Я прынцыпова супраць вось такой схемы нібыта падтрымкі бізнэсу. Гэта выкрут, празь які сапраўды рэжым можа кантраляваць бізнэс, бо той вымушаны ісьці на пэўную ўгоду. Мы ўсе ведаем, што такая „непісаная“ дамова існавала заўсёды: „Бізнэс не ідзе ў палітыку — атрымлівае пэўныя льготы“. Думаю, усе кампаніі, якія былі ў ПВТ, разумелі, на што яны ішлі. І Imaguru ніколі такой сацыяльнай дамовы не падпісаў бы. Мы заўсёды былі перакананыя, што павінны гаварыць пра тое, што мы лічым важным, нават калі гэта супярэчыць таму, што думае рэжым. У нас іншая думка».

«Я веру, што Беларусь будзе прыкладам для многіх краін»

Тацяна бачыць вялікую розьніцу паміж тым, што адбывалася 20 гадоў таму, і што адбываецца цяпер.

«Сёньня вялікая колькасьць беларусаў усё разумее. Раней гэта было ня так, было вельмі вузкае кола людзей, — мяркуе яна. — Вы толькі ўявіце, што гэта быў першы тэрмін Лукашэнкі, мы ня думалі, што гэта будзе так надоўга, але ўжо тады было зразумела, што гэта ня той шлях, у якім хацелася б, каб разьвівалася Беларусь. Сёньня вельмі многія ўсё разумеюць і выказваюць сваю пазыцыю, не баяцца. І няважна, унутры Беларусі ці тыя, хто зьехаў. Людзі могуць змагацца і быць карыснымі і там, і там».

Тацяна Марыніч адкрывае канфэрэнцыю Сусьветны тыдзень прадпрымальніцтва ў Беларусі. 2018 год
Тацяна Марыніч адкрывае канфэрэнцыю Сусьветны тыдзень прадпрымальніцтва ў Беларусі. 2018 год

Яна кажа, што ўпэўненая: Беларусь можа пабудаваць зусім новую дзяржаву, якая будзе прыкладам для многіх краін.

«Мне хочацца, каб Беларусь задавала тон сваімі новымі дыджытал-прадуктамі, дасягненьнямі ў сфэры дзяржаўнага кіраваньня, інавацыйнай эканомікі. Мы можам зрабіць унікальныя рэчы, проста таму што мы пачнём з нуля, з чыстага аркуша. І самае галоўнае — гэта людзі. У нас сапраўды вялікая колькасьць талентаў, якія сёньня знаходзяцца і ўнутры Беларусі, і за мяжой. Новая Беларусь будзе краінай самадастатковых, пасьпяховых, адукаваных людзей. Гэта будзе краіна ведаў, і ў такой Беларусі мне вельмі хочацца жыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG