Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве пад амбасадай Беларусі адбыліся сутыкненьні


Амбасада Беларусі ў Кіеве, архіўнае фота
Амбасада Беларусі ў Кіеве, архіўнае фота

Амбасада Беларусі накіравала Міністэрству замежных спраў Украіны ноту, у якой заявіла пра недастатковыя захады бясьпекі дыпляматычнага прадстаўніцтва.

У прыватнасьці, беларускія дыпляматы паведамілі аб нападзе «радыкальных элемэнтаў зь ліку грамадзян Украіны» на ўдзельнікаў санкцыянавага гарадзкімі ўладамі мітынгу беларускай дыяспары. Сярод апошніх былі пераважна пажылыя людзі, яны прыйшлі да амбасады зь дзяржаўнымі сьцягамі Беларусі.

Паводле заявы беларускай амбасады, у часе сутыкненьняў пашкоджаньні атрымалі ў тым ліку і прадстаўнікі Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, якія ахоўвалі дыпляматычнае прадстаўніцтва — чэрапна-мазгавую траўму, закрытае пашкодзеньне грудзіны, пашкоджаньне вачэй і дыхальных шляхоў у выніку прымяненьня нападнікамі сьлезацечнага газу.

Беларускія дыпляматы паведамілі аб затрыманьні двух нападнікаў, грамадзян Украіны. Нацыянальная паліцыя і гвардыя пакуль не паведамляюць аб затрыманьні і дэталях сутыкненьняў.

Зь відэа, апублікаванага ў інтэрнэце, складана зразумець, зь якой прычыны пачаліся сутыкненьні, а таксама вызначыць прыналежнасьць нападнікаў да якіх-небудзь арганізацый, якія дзейнічаюць ва Ўкраіне.

«Амбасада заяўляе пратэст і настойвае, каб праваахоўныя органы Ўкраіны ў кароткія тэрміны расьсьледавалі гэты інцыдэнт, а сытуацыя атрымала адпаведную юрыдычную ацэнку», — адзначаецца ў заяве беларускай амбасады.

Летась у лістападзе амбасада Беларусі таксама накіроўвала ноту пратэсту Міністэрству замежных справаў Украіны. Тады насупраць амбасады Беларусі ва Ўкраіне вядомы беларускі добраахвотнік Сяргей Кароткіх, які служыў у батальёне «Азоў», разам са сваімі паплечнікамі паставілі мэталічны крыж у памяць пра рэпрэсаваных у Беларусі ў часе мірных акцыяў. У 2014 годзе тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам надаў грамадзянства Сяргею Кароткіх (былая мянушка «Малюта», у добраахвотніцкім батальёне «Азоў» меў пазыўны «Боцман»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG