Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International патрабуе вызваліць выпускніцу БДУ, якая падзякавала Максіму Знаку


Кацярына Віньнікава
Кацярына Віньнікава

Amnesty International патрабуе неадкладна вызваліць Кацярыну Віньнікаву, выпускніцу юрыдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Яе арыштавалі на 15 сутак пасьля прамовы на ўручэньні дыплёмаў.

«Беларускія ўлады чарговы раз прадэманстравалі, што пойдуць на любыя крокі, каб здушыць іншадумства ў грамадзтве. Апошняя ахвяра гэтай кампаніі — учорашняя студэнтка, меркаванае злачынства якой палягала толькі ў тым, што яна заявіла пра павагу да правоў і заклікала да справядлівасьці перад сваімі аднагодкамі з унівэрсытэту», — заявіла дырэктар Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс.

Яна дадала, што беларускія ўлады павінны спыніць барацьбу супраць свайго народу і спыніць палітычна матываваныя рэпрэсіі.

29 чэрвеня Кацярына Віньнікава выступіла з прамовай падчас уручэньня дыплёмаў выпускнікам. Яна выйшла на сцэну ў белай сукенцы з чырвоным поясам і падзякавала сваім былым і цяперашнім выкладчыкам, у тым ліку палітзьняволенаму Максіму Знаку.

Неўзабаве дзяўчыну затрымалі і асудзілі на 15 дзён арышту за «пікетаваньне шляхам выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары».

«Усім нам я зычу любіць і бараніць права з гонарам і годнасьцю сапраўднага юрыста, нягледзячы на цяжкасьці, якія ёсьць і будуць. І тады, як сказаў Віктор Гюго, для мяне ня важна, на чыім баку сіла. Для мяне важна, на чыім баку права», — адзначыла ў прамове выпускніца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG