Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна праз новы штам каранавірусу ўвяла дадатковыя патрабаваньні на мяжы для тых, хто ўяжджае з Расеі


Памежны пераход на расейска-ўкраінскай мяжы, архіўнае фота
Памежны пераход на расейска-ўкраінскай мяжы, архіўнае фота

Ад сёньня на ўсіх памежных пунктах пропуску Ўкраіны ўводзіцца абавязковы дадатковы тэст на COVID-19 для грамадзян, якія ўяжджаюць на ўкраінскую тэрыторыю з Расеі, Індыі, Вялікай Брытаніі і Партугаліі. Тэставаньне будзе платным.

«Такая норма ўводзіцца абавязкова для ўсіх грамадзян-іншаземцаў, у тым ліку грамадзян Беларусі, і для ўкраінцаў у тым выпадку, калі яны знаходзіліся 7 дзён з апошніх 14 на тэрыторыі чатырох дзяржаў — Расеі, Вялікай Брытаніі, Партугаліі і Індыі», — удакладніў Свабодзе начальнік аддзелу камунікацый са сродкамі масавай інфармацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Бойка.

У той жа час прадстаўнік памежнай службы падкрэсьліў, што новаўвядзеньне не скасоўвае патрабаваньня мець даведку з нэгатыўным вынікам аб PCR-тэсьце, зробленым ня менш як за 72 гадзіны перад уездам на тэрыторыю Ўкраіны.

У выпадку пацьверджаньня інфікаваньня вірусам або адмовы ад праходжаньня дадатковага тэставаньня іншаземцам адмовяць ва ўезьдзе ва Ўкраіну.

У Міністэрстве аховы здароўя Ўкраіны ўдакладнілі, што дадатковы тэст на мяжы мусіць аплаціць сам грамадзянін. Аднак на пытаньне пра цану тэсту дзяржаўныя ўстановы пакуль не далі адказу.

Адначасова Міністэрства замежных справаў Украіны заклікала ўкраінцаў утрымацца ад наведваньня Расеі, Вялікай Брытаніі, Партугаліі і Індыі, дзе імкліва распаўсюджваецца больш агрэсіўны штам каранавірусу «дэльта». А тым грамадзянам, якія ўжо знаходзяцца ў гэтых краінах, параілі выконваць усе супрацьэпідэмічныя патрабаваньні і быць гатовымі да дадатковых карантынных абмежаваньняў па вяртаньні ва Ўкраіну.

Што патрэбна грамадзянам Беларусі для ўезду ва Ўкраіну

  • Дзейны пашпарт.
  • Пацьверджаньне мэты знаходжаньня ва Ўкраіне.
  • Наяўнасьць дастатковага фінансавага забесьпячэньня на ўвесь тэрмін знаходжаньня ва Ўкраіне. З 1 ліпеня гэта 1 586 грыўняў на дзень (прыкладна 65 даляраў у эквіваленце).
  • Страхавы поліс, які пакрывае выдаткі на лячэньне COVID-19 (поліс мусіць выдаваць страхавая кампанія, зарэгістраваная ва Ўкраіне, альбо замежная страхавая кампанія з прадстаўніцтвам ва Ўкраіне).
  • Даведка з нэгатыўным вынікам тэставаньня на COVID-19 мэтадам палімэразнай ланцуговай рэакцыі, зробленага ня больш як за 72 гадзіны да перасячэньня мяжы, або даведку аб вакцынаваньні прышчэпкамі, уключанымі ў пералік Ўсясьветнай арганізацыі здароўя. Расейская вакцына «Спутник V» у гэты сьпіс не залічаная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG