Галоўнага трэнэра гандбольнага клюбу «Віцязь» і актывіста ініцыятывы SOS_BY Канстанціна Якаўлева затрымалі 16 чэрвеня па дарозе з Баранавічаў, дзе ён разам зь іншымі спартоўцамі сустракаў журналіста Tribuna.сom Дзьмітрыя Руту, які выходзіў на волю пасьля 15 дзён арышту.
Падставай стала тое, што тым жа вечарам Канстанцін Якаўлеў заплянаваў трэніроўку на адкрытым паветры ў Новай Баравой, зрабіўшы анонс у сацыяльных сетках.
«Участковы складаў пратакол і запытаўся: „Навошта ты зрабіў гэтую абвестку? Для хайпу?“ Кажу яму, што такога слова наогул ня ведаю. Я чытаю пратакол, там праз радок — палітыка ды палітыка. Я кажу, палітыку прыбіраем. Маё тлумачэньне простае: я трэнэр, многія падпісанты хацелі патрэніравацца разам. Я нідзе не заклікаў да „масавых мерапрыемстваў“, прапанаваў адкрытую трэніроўку. Калі чалавек калісьці заявіў пра сваю афіцыйную пазыцыю, то ён робіцца таксычным. Таму ўсё абвінавачаньне будавалася на здагадках», — расказвае Канстанцін Якаўлеў.
Увечары 16 чэрвеня Канстанцін плянаваў правесьці трэніроўку на адкрытым паветры ў Новай Баравой, аднак у гэты дзень яго судзілі паводле ч. 1 артыкула 24.23 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). За кратамі ён правёў 15 дзён.
Гандбольны клюб «Віцязь», які ўзначальвае Якаўлеў, зьняўся з нацыянальнага чэмпіянату Беларусі на знак пратэсту супраць рэпрэсій у краіне. Прадстаўнікі клюбу зазналі арышты і пагрозы з боку сілавікоў.