Падрыхтоўчае судовае паседжаньне прызначанае на 7 ліпеня.
ТАА «Тут бай медиа» пазбавілі статусу рэзыдэнта Парку высокіх тэхналёгій паралельна з крымінальнай справай аб «падатковых махінацыях» супраць службовых асобаў парталу.
«Для рэзыдэнтаў ПВТ важна, каб яны аказвалі паслугі з выкарыстаньнем праграмнага забесьпячэньня ўласнай распрацоўкі. У дадзеным выпадку „Тут бай медиа“ выкарыстала іншае спэцыялізаванае ПЗ, атрымлівала выручку за кошт гэтай дзейнасьці, што ёсьць недапушчальным для рэзыдэнтаў. У выніку сума шкоды вылічаецца мільёнамі даляраў», — заявілі тады ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.
У сваю чаргу кіраўніцтва Tut.by аргумэнтавала, што рэгулярна рабіла справаздачу перад адміністрацыяй ПВТ, пасьпяхова праходзіла праверкі і аўдыты, якія не выяўлялі ніякіх парушэньняў.
18 траўня прайшоў ператрус у офісе Tut.by. Адначасова заблякавалі дамэн парталу, а сілавікі затрымалі частку кіраўніцтва і супрацоўнікаў. Таксама кампанію пазбавілі статусу рэзыдэнта ПВТ.
Празь месяц стала вядома, што МУС дамагаецца прызнаньня кантэнту Tut.by «экстрэмісцкім». Але судовы працэс быў прыпынены, паколькі «Тут бай медиа» вырашыла аспрэчыць у Эканамічным судзе пастанову камісіі, якая знайшла «экстрэмізм» у матэрыялах рэдакцыі.