Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джулі Фішэр: «ЗША вельмі непакояць і пагрозы Лукашэнкі, і ягоныя дзеяньні ў стылі злачынцаў»


Джулі Фішэр
Джулі Фішэр

У дачыненьнях рэжыму Лукашэнкі з Расеяй дыпляматка лічыць асноўным фактарам рэакцыю на пагадненьні беларускага грамадзтва.

Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр лічыць, што Злучаныя Штаты ня зьменшаць ціску на афіцыйны Менск, пакуль ня будуць адпушчаныя ўсе палітычныя вязьні. Многія абвінавачаньні Лукашэнкі ў бок Захаду Фішэр лічыць «шмат у чым бессэнсоўнымі», зь вялікай колькасьцю «несупадзеньняў і недакладнасьцяў», сказала амбасадарка ў інтэрвію «Белсату».

«ЗША вельмі непакояць і пагрозы Лукашэнкі, і ягоныя дзеяньні ў стылі злачынцаў, з дапамогай якіх ён спрабуе псаваць жыцьцё суседзям. Гэта непрыемна зьдзіўляе, бо гэты чалавек у мінулым неаднаразова сьцьвярджаў, быццам шкадуе, што стасункі з суседзямі ня вельмі добрыя, што ён мае магчымасьць зьвярнуцца [па дапамогу] толькі ў адну сталіцу [да аднаго з суседзяў]».

Паводле Фішэр, вельмі непрыемна і тое, што пагрозы Лукашэнкі суседзям робяцца больш прамымі. Наконт таго, што адбываецца на мяжы, Злучаныя Штаты «вельмі цесна супрацоўнічаюць зь Вільняю ды Варшавай».

Выказалася амбасадарка і пра візыты Лукашэнкі ў Расею, якія пачасьціліся.

«Калі гаворка ідзе пра Расею і яе дзеяньні, то, мяркую, самае асноўнае — гэта тое, як на іх будуць рэагаваць жыхары Беларусі. Гэта хіба вызначальна. Самае прынцыповае — ці будуць грамадзяне Беларусі лічыць законнымі любыя пагадненьні аб продажы маёмасьці, прадпрыемстваў Беларусі, нейкія юрыдычныя пагадненьні, ці будуць яны прызнаваць іх законнымі, бо менавіта гэта мусіць хваляваць Маскву: як яна будзе выглядаць у вачах беларусаў?»

Джулі Фішэр мяркуе, што ЗША маюць рэзэрвы для павелічэньня дапамогі Беларусі. Амбасадарка застаецца на пастаяннай сувязі са штабам Сьвятланы Ціханоўскай, лічыць важнымі яго погляды на сытуацыю. Таксама амэрыканская дыпляматка заявіла, што працягваецца праца з партнэрамі ў Кангрэсе, каб атрымаць сродкі, патрэбныя для далейшай дапамогі «больш дэмакратычнай Беларусі».

Амбасадарка ЗША ўжо некалькі месяцаў пасьля свайго прызначэньня ня можа прыляцець у Менск з-за таго, што ўлады Беларусі не даюць адпаведнага дазволу, не выдаюць Фішэр беларускай візы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG