Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за 22 гады ў Беларусі ня будзе параду. Заклікаюць маліцца


Падрыхтоўка да параду ў Менску, архіўнае фота
Падрыхтоўка да параду ў Менску, архіўнае фота

Параду ў Беларусі на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня ня будзе. Яго няма і ў афіцыйным анонсе мерапрыемстваў.

Вайсковы парад на 3 ліпеня не адбудзецца ў Менску ўпершыню за 22 гады. Пра адмену параду афіцыйна не паведамлялі. Пра тое, што да яго не рыхтаваліся, на пачатку чэрвеня казала прэс-служба Міністэрства абароны.

Чарговым гэтаму пацьвярджэньнем стала тэлепраграма на 3 ліпеня, апублікаваная ў СМІ. Так, на канале «Беларусь-1» на гэты дзень заплянавана некалькі блёкаў «Дзень незалежнасьці», якія пачнуць выходзіць ад 9-й раніцы. Працягласць — ад 30 хвілін да гадзіны. Мяркуючы па гэтым, трансляцыя параду не прадугледжана. Згадак пра парад няма і ў тэлепраграме іншых тэлеканалаў: большасьць хранамэтражу эфірнай сеткі складаюць фільмы і сэрыялы пра вайну.

Галоўная сцэна сьвяткаваньня Дня Рэспублікі мантуецца побач са стэлай «Менск — горад-герой». Яшчэ адна сцэна для выступленьняў будзе разьмешчана на пляцоўцы каля Палаца спорту, інфармуе агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

У месцах гуляньняў будуць працаваць мабільныя гандлёвыя пункты, праводзіцца конкурсы, выступаць творчыя калектывы. Гарадзкія пляцоўкі будуць адкрыты для наведнікаў з 12:00 да 00:00 3 ліпеня.

З 18:00 да 20:00 на пляцоўцы каля стэлы выступіць расейскі калектыў «Хор Турэцкага». А 21:00 пачнецца канцэрт беларускіх і расейскіх артыстаў, імёны якіх пакуль не раскрываюцца.

Завершыцца праграма фаерверкам у шасьці пунктах гораду: у парку Чавэса, у парку Паўлава, у парку Перамогі, на набярэжнай вадасховішча Дразды, на пляцоўках каля «Чыжоўка-Арэны» і Нацыянальнай бібліятэкі.

Для параўнаньня, парад 3 ліпеня 2019 году паказвалі ў жывым этэры дзяржаўнай тэлевізіі.

У Беларусі па круглых датах парады ладзяць 9 траўня (так было ў 1990, 1995, 2000, 2005, 2010, 2015 і 2020 гадах). У іншыя гады парад з удзелам Лукашэнкі праходзіў 3 ліпеня — так павялося з моманту пераносу сьвята з 27 ліпеня на дзень вызваленьня Менску. Выключэньнем стаў 1999-ы, калі ў цісканіне на прыступках пераходу станцыі мэтро «Няміга» загінулі 53 чалавекі.

У той жа час улады просяць вернікаў розных канфэсій арганізаваць малітву «За Беларусь!» 3 ліпеня. Вядома, што ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Аляксандар Румак даслаў на імя кіраўніка Каталіцкай царквы ў Беларусі біскупа Казіміра Велікасельца ліст з просьбай арганізаваць малебны «ва ўсіх касьцёлах і з шырокім прыцягненьнем вернікаў».

Ранішняе набажэнства мае прайсьці 3 ліпеня — «у памяць аб вызваленьні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і прысьвечанае Дню незалежнасьці Беларусі». Акцыя пройдзе ў рамках пляну імпрэзаў па адзначэньні Году народнага адзінства, зацьверджанага пастановай Савету Міністраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG