У фэстывалі кнігі возьмуць удзел 145 выдавецтваў і 21 ілюстратар. Усе падзеі, а іх амаль 300, — дыскусіі, прэзэнтацыі, канцэрты, квэсты, аўдыёінсталяцыі — аб’яднала адна фокус-тэма: «Аптымісты скептыкі».
Новыя адметнасьці фэсту
Сёлета выстаўка будзе адбывацца ў гібрыдным фармаце — большасьць падзей плянуюць трансьляваць ужывую на партнэрскай онлайн-плятформе MEGOGO.
Упершыню «Кніжны арсэнал» будзе працаваць з 9-й раніцы, а штодзённа, у першую гадзіну, выставу могуць бясплатна наведваць пэнсіянэры. Для ўдзельнікаў баявых дзеяньняў таксама прадугледжана магчымасьць бясплатнага наведваньня «Кніжнага арсэналу» ў любы час.
Квіткі цяпер можна набыць толькі праз інтэрнэт і толькі на канкрэтны абмежаваны час — гэта вымушаная мера ва ўмовах эпідэміі каранавірусу. Кожны год выстаўка суправаджаецца вялікімі чэргамі ахвотнікаў яе наведаць. Кошт квіткоў — ад 50 да 100 грыўняў (ад 1,8 да 3,6 даляраў у эквіваленце).
Беларускага ўсё больш і ў розных фарматах
Беларускае прадстаўніцтва на «Кніжным арсэнале» пачыналася з аднаго стэнду ў 2015 годзе, на якім прадстаўлялі кнігі адразу некалькіх выдавецтваў. У 2018-м яны ўжо выстаўляліся асобна.
Цікавасьць украінскага чытача да беларускай літаратуры павялічваецца з кожным годам, а разам зь ёй, адпаведна, і беларуская прысутнасьць на кніжнай выстаўцы, якая ўжо не абмяжоўваецца традыцыйным продажам кніг. Яе дапаўняюць беларускія дыскусіі, прэзэнтацыі кніг і чытаньні твораў — адначасова па-беларуску і па-ўкраінску.
Сёлета, з прычыны праблемаў выезду за межы краіны, беларуская кніга будзе прадстаўленая толькі на адным стэндзе — «Книги з Білорусі», які будзе разьмешчаны на першым паверсе пад нумарам D3.02.
Упершыню ў рамках куратарскай праграмы ўкраінскага пісьменьніка Сяргея Жадана «Уголас. Пра сябе» выступіць з канцэртам Лявон Вольскі, які, паводле арганізатараў, пераводзіць паэзію ў больш шырокі кантэкст, робячы ўласныя тэксты і тэксты клясыкаў беларускай літаратуры часткай грамадзкага гучаньня і роздуму. Зь Беларусі таксама можна будзе далучыцца да прагляду выступу беларускага музыкі дзякуючы жывой трансьляцыі. Яна пачнецца 24 чэрвеня а 20.00.
Удзень 24 чэрвеня адбудзецца яшчэ дзьве беларускія падзеі — у 14:30 беларуская паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева разам з украінскай літаратаркай Ірынай Цылык будуць чытаць тэксты зь Беларусі і Ўкраіны, а праз дзьве гадзіны пасьля гэтага (у 16:30) адбудуцца паэтычныя чытаньні «Вершы свабоды зь Беларусі».
У чытаньнях возьмуць удзел беларускія літаратары Тацяна Нядбай, Альгерд Бахарэвіч, Лявон Вольскі, Юлія Цімафеева і Астап Сьлівінскі — украінскі паэт, перакладчык і публіцыст.
25 чэрвеня а 18:00 адбудзецца дыскусія-прэзэнтацыя кнігі «Ми прокинемось іншими» («Мы прачнемся іншымі»), якая сёлета выйшла ва ўкраінскім выдавецтве «ХХІ». У ёй сабраныя пераклады твораў і інтэрвію беларускіх пісьменьнікаў пра падзеі, што пачаліся ў Беларусі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.