Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да санкцыяў Эўразьвязу і ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі далучыліся Вялікая Брытанія і Канада


Сёньня замежнапалітычныя ведамствы Канады, Эўрапейскага Зьвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША выступілі з супольнай заявай аб санкцыях супраць Беларусі.

У заяве сказана:

«Мы адзіныя ў нашай глыбокай занепакоенасьці пастаяннымі нападкамі рэжыму Лукашэнкі на правы чалавека, асноўныя свабоды і міжнароднае права. Сёньня мы ўжылі скаардынаваныя захады па санкцыях у адказ на прымусовую пасадку камэрцыйнага рэйсу Ryanair паміж дзьвюма дзяржавамі ЭЗ 23 траўня і палітычна матываваны арышт журналіста Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцы Соф’і Сапегі, а таксама на пастаянныя нападкі на правы чалавека і асноўныя свабоды».

Аўтары заявы заклікаюць рэжым у Менску спыніць рэпрэсіі супраць уласнага народу.

«Мы расчараваныя тым, што рэжым вырашыў адмовіцца ад сваіх абавязаньняў у галіне правоў чалавека, захаваньня дэмакратычных прынцыпаў і ўзаемадзеяньня зь міжнароднай супольнасьцю. Мы далей аб’яднаныя ў сваім закліку да рэжыму Лукашэнкі ў поўнай меры супрацоўнічаць зь міжнароднымі расьсьледаваньнямі падзеяў 23 траўня; неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў; выконваць усе рэкамэндацыі незалежнай экспэртнай місіі пры Маскоўскім мэханізьме АБСЭ; і ўступіць ва
ўсебаковы і сапраўдны палітычны дыялёг паміж уладамі і прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці пры спрыяньні АБСЭ», — сказана ў заяве.

Вялікая Брытанія наклала санкцыі на 11 фізычных і 2 юрыдычныя асобы:

  • Аляксей Аўраменка, міністар транспарту;
  • Алег Белякоў, намесьнік начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС.
  • Леанід Чуро, гендырэктар «Белаэранавігацыі»;
  • Алег Гайдукевіч, намесьнік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах у Палаце прадстаўнікоў;
  • Ігар Голуб, камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны;
  • Андрэй Гурцэвіч, начальнік Галоўнага штабу, першы намесьнік камандуючага ВПС;
  • Мікалай Карпянкоў, намесьнік міністра ўнутраных справаў, былы начальнік ГУБАЗіК;
  • Віктар Хрэнін, міністар абароны;
  • Марат Маркаў, кіраўнік тэлеканалу ОНТ;
  • Максім Рыжанкоў, першы намесьнік старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта;
  • Арцём Сікорскі, дырэктар аддзелу авіяцыі Міністэрства транспарту;

Сярод кампаній у сьпісе значацца «Белаэранавігацыя» і BNK (UK).

У сувязі з гэтым міністар замежных спраў Домінік Рааб сказаў:

«Вялікая Брытанія і нашы партнэры сёньня наклалі санкцыі на тых, хто нясе адказнасьць за далейшае здушэньне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Рэжым Лукашэнкі паставіў пад пагрозу жыцьцё пасажыраў і экіпажу авіякампаніі ганебным выкраданьнем Рамана Пратасевіча. Мы прыцягнем рэжым да адказнасьці ў каардынацыі з нашымі саюзьнікамі, у тым ліку шляхам далейшай забароны на ўезд, замарожваньня актываў і адключэньня патокаў прыбытку ад экспарту нафты».

Санкцыі Канады закрануць 17 фізычных і 5 юрыдычных асобаў. Гэта:

  • Аляксей Аўраменка, міністар транспарту;
  • Леанід Чуро, гендырэктар «Белаэранавігацыі»;
  • Алег Гайдукевіч, намесьнік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах у Палаце прадстаўнікоў;
  • Ігар Голуб, камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны;
  • Андрэй Гурцэвіч, начальнік Галоўнага штабу, першы намесьнік камандуючага ВПС;
  • Валеры Іваньковіч, гендырэктар МАЗ;
  • Мікалай Карпянкоў, намесьнік міністра ўнутраных справаў, былы начальнік ГУБАЗіК;
  • Віктар Хрэнін, міністар абароны;
  • Ігар Луцкі, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, былы міністар інфармацыі;
  • Аляксей Алексін, адзін зь вядучых бізнэсоўцаў Беларусі, саўладальнік Bremino Group;
  • Максім Рыжанкоў, першы намесьнік старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта;
  • Андрэй Швед, генпракурор Беларусі;
  • Арцём Сікорскі, дырэктар аддзелу авіяцыі Міністэрства транспарту;
  • Мікалай Варабей, беларускі бізнэсовец, уладальнік кампаній «Інтэрсэрвіс» і «Нафтабітумны завод» па аптовым гандлі нафтапрадуктамі, банку «Абсалютбанк» і іншых кампаній;
  • Аляксандар Васілюк, кіраўнік сьледчай групы Сьледчага камітэту;
  • Аляксандр Зайцаў, бізнэсовец, саўладальнік Bremino Group і Sohra Group. Былы памочнік Віктара Лукашэнкі;
  • Алег Белякоў, намесьнік начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС.

Сярод кампаній у сьпісе значацца «Белаэранавігацыя», БЕЛАЗ, Bremino Group, Новая Нафтавая Кампанія і МАЗ.

«Затрыманьне Пратасевіча і Сапегі — гэта напад на ўсіх, хто верыць у свабоду слова. Канада і яе партнэры будуць працягваць рабіць ціск на беларускі рэжым у сувязі з парушэньнямі правоў чалавека, і Канада працягвае заклікаць да бесстароньняга расьсьледаваньня ўсіх паведамленьняў аб катаваньнях і іншым жорсткім і бесчалавечным абыходжаньні ў Беларусі», — заявіў міністар замежных спраў Канады Марк Гарно.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG