21 чэрвеня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менска разглядалі грамадзянскія пазовы першага намесьніка пракурора ў інтарэсах прадпрыемства «Менсктранс» да палітзьняволеных Лявона Халатрана і Арцёма Саўчука аб «кампэнсацыі маёмаснай шкоды, нанесенай злачынствам». Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
19 лютага Лявона Халатрана, валянтэра штаба Віктара Бабарыкі, асудзілі на 2 гады «хіміі» (адбываньне пакараньня ў папраўчай установе адкрытага тыпу) на падставе ч. 1 арт. 341 КК (арганізацыя альбо падрыхтоўка групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). 13 чэрвеня ён пачаў адбываць пакараньне ў вёсцы Сушкі на Берасьцейшчыне.
Праграміста з Польшчы Арцёма Саўчука 2 лютага пакаралі 4 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Цяпер Арцём знаходзіцца ў шклоўскай калёніі № 17.
Справы палітвязьняў 21 чэрвеня разглядаў судзьдзя Мікалай Багамякаў. Пазоў да Арцёма складае 21 839 рублёў, да Лявона — 6 126 рублёў. Аднак суды над палітвязьнямі не адбыліся. Судзьдзя аб’яднаў справу Лявона Халатрана зь іншым палітвязьнем, Сяргеем Брылём, асуджаным паводле ч. 1 арт. 342 КК на 3 гады «хіміі». Разгляд пазову перанакіраваны ў суд Заводзкога раёну, дакладная дата і час пакуль невядомыя.
У справе Арцёма Саўчука таксама абвясьцілі перапынак на месяц — да 20 ліпеня.
7 і 16 чэрвеня разглядалі аналягічны пазоў да палітзьняволенага Арцёма Хвашчэўскага, але працэс перанесьлі ў суд Савецкага раёну. Арцём ужо адбывае пакараньне паводле ч. 1 арт. 342 КК — 1 год у наваполацкай калёніі № 1.