Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гледачоў, затрыманых на спэктаклі «Белы трус, чырвоны трус», караюць 15-суткавымі арыштамі


 Аксана Зарэцкая, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай Рады
Аксана Зарэцкая, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай Рады

16 чэрвеня ў Чырвоным дворыку павінна была адбыцца прэм’ера спэктакля «Белы трус, чырвоны трус». Празь некалькі хвілін туды прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі каля васьмі гледачоў і сяброўку Каардынацыйнай Рады Аксану Зарэцкую, якая арганізавала прагляд спэктакля.

Як нагадвае тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру «Вясна», затрыманых адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе на ўсіх склалі пратаколы за нібыта непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі па арт. 24.3 КаАП. Увечары чатырох жанчын, у якіх ёсьць непаўналетнія дзеці, выпусьцілі з пратаколамі да суду, а астатніх перавялі на Акрэсьціна.

17 чэрвеня справы гледачоў спэктакля разгледзелі ў судзе Цэнтральнага раёну.

Справы 34-гадовага Мікіты Раманкіна і 25-гадовай Аліі Саед разгледзеў судзьдзя Аляксандар Петраш. Ён арыштаваў абаіх на 15 сутак.

Справу 48-гадовай Сьвятланы Мешчанінавай разглядаў судзьдзя Дзьмітрый Карсюк. Жанчыну, як і іншых, абвінавацілі ў тым, што «на тэрыторыі РУУСа каля 19:40 Святлана аказала непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі». Па словах Сьвятланы, Аксана Зарэцкая запрасіла яе на сяброўскую сустрэчу для прагляду пастаноўкі, у якой у яе адбыўся дэбют у якасьці актрысы. Жанчына патлумачыла, што «прыйшла каля 18:30 на вуліцу Рэвалюцыйную і чакала пачатку пастаноўкі, але, як толькі на маніторы ўключыўся спэктакль, адразу прыйшлі мужчыны ў цывільным і паставілі ўсіх тварам да сьцяны». Мешчанінава сьцьвярджае, што добраахвотна прайшла за супрацоўнікамі і ніхто з затрыманых непадпарадкаваньня супрацоўнікам не аказваў. Яна зьвярнула ўвагу судзьдзі, што супрацоўнікі здымалі ўсё на відэа, якое магло б пацьвердзіць яе словы.

Сьведка-міліцыянт на судзе сьцьвярджаў, што «ім паступіла інфармацыя пра магчымае несанкцыянаванае масавае мерапрыемства на вуліцы Рэвалюцыйнай, 7а, таму прысутных затрымалі для «ўстанаўленьня асобы», але на тэрыторыі РУУСа Сьвятлана «адмовілася прайсьці, упіралася і чаплялася за яго руку». Па словах міліцыянта, відэакамэр у іх не было.

Для судзьдзі Дзьмітрыя Карсюка доказаў віны хапіла, таму ён пакараў Сьвятлану Мешчанінаву 15-суткавым арыштам. Чакаецца суд яшчэ над адным затрыманым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG