Што ж стала прычынай цікавасьці сілавікоў да жанчыны? Як расказала сама Натальля Дырман «Нашай Ніве», зь ператрусам да яе прыйшлі, бо цяпер па Жабінцы шукаюць людзей, якія раскідалі па горадзе партрэты Лукашэнкі, вымазаныя фэкаліямі.
«Гэтыя партрэты раскідалі даўно, больш за месяц таму. Але цяпер шукаюць, хто зрабіў, ходзяць да ўсіх актыўных людзей, — кажа Натальля. — Я, натуральна, таго не рабіла, але вось завіталі і да мяне. Забралі тэлефон, бела-чырвоны парасон, вокладку на пашпарт з „Пагоняй“ і кнігу Паўла Севярынца „Люблю Беларусь“», — расказала Натальля Дырман.
Таксама падчас ператрусу прагледзелі тэлефон яе дачкі. Там знайшлі фота, дзе Натальля стаіць зь бела-чырвоным парасонам, побач людзі са сьцягам: бел-чырвона-белы сьцяг з жабкай на ім. Тэлефон дачцэ аддалі, але фатаздымак сілавікі спампавалі сабе. І ў выніку на Натальлю склалі пратакол за пікет.
«Ці будзе суд і калі ён будзе па тым пратаколе — я ня ведаю», — кажа Натальля.
Натальля Дырман — заснавальніца народнага калектыву гумару і песьні «Хмелеўскія валацугі», прызнавалася «Чалавекам году» ў галіне культуры на Берасьцейшчыне, мае шмат узнагародаў, маці траіх дзяцей.