Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: пачалося будаўніцтва менскага мэтрапалітэну


Падзеі 15 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1863 — падчас паўстаньня 1863–1864 гадоў у Ашмянскім павеце расейскія войскі разьбілі атрад паўстанцкага камандзіра Зыгмунта Мінейкі. Самога Мінейку схапілі і засудзілі на 12 гадоў сібірскае катаргі, але ён уцёк за мяжу і празь нейкі час узяў удзел у вайне Грэцыі з Турэччынай за востраў Крыт, за што атрымаў званьне ганаровага грамадзяніна Грэцыі.

1977 — пачалося будаўніцтва Менскага мэтрапалітэну.

1978 — стартаваў касьмічны карабель «Саюз-29». Камандзірам экіпажу быў беларус Уладзімер Кавалёнак.

Уладзімер Кавалёнак, жнівень 1991 году
Уладзімер Кавалёнак, жнівень 1991 году

2006 — папа Бэнэдыкт XVI вызваліў з пасады кіраўніка Каталіцкай царквы Беларусі, 91-гадовага кардынала Казіміра Сьвёнтка.

У гэты дзень нарадзіліся

1831 — Вінцэсь Каратынскі, беларускі і польскі пісьменьнік, перакладчык.

1896 — Пётра Татарыновіч, каталіцкі сьвятар, беларускі грамадзкі і культурны дзяяч, публіцыст, паэт, выдавец.

1905 — Юрка Віцьбіч, пісьменьнік, грамадзка-культурны дзяяч, дзяяч эміграцыі ў ЗША.

Юрка Віцьбіч
Юрка Віцьбіч

…я думаю, што, каб лёс дазволіў спаткацца, нам не было б сумна, бо і ў уяўленьні, і на яве мы ў розных стагодзьдзях хадзілі аднымі сьцежкамі: да Барысавых камянёў, на паганскую Валовую азярыну ў Полацку, па беларускіх адрасах бунінскага Арсеньнева. Я распытаў бы спадара Юрку пра яго родны Вяліж, які разам з сотнямі іншых спрадвечна нашых гарадоў, мястэчак і вёсак бальшавікі адрэзалі ад беларускай зямлі. Мне было б цікава даведацца, ці памятае ён той дзень, калі разгарнуў часопіс «Узвышша» з сваім першым апавяданьнем.

Відаць, мы ўспомнілі б і яго выдадзеныя да вайны ў БССР кнігі «Сьмерць Ірмы Лаймінг» і «Формула супраціўленьня касьцей», ужо самі назовы якіх засьведчылі «небясьпечны» рух да інтэлектуалізацыі і пошуку новых мастацкіх формаў. Я, вядома, запытаўся б у спадара Віцьбіча пра ягоны чынны ўдзел у славутай эпатажнай літсуполцы ТАВІЗ (Таварыства аматараў выпіць і закусіць). Гаворка зайшла б і пра тое, як ужо ў эміграцыі ён ствараў літаратурнае згуртаваньне «Шыпшына» і часопіс «Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі»…

Але зямны шлях Юркі Віцьбіча завяршыўся ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя, і на маю долю засталася сустрэча зь ягонай удавой, спадарыняй Ганнай, якая ў мілай кватэрцы ў амэрыканскім Саўт-Рывэры апавядала мне пра тое, як працавала ў Віцебску тэлефаністкай; як, пачуўшы машыну, на іхняй вуліцы ніхто ня спаў, бо ўначы па горадзе езьдзілі адно варанкі; як муж у гады нацысцкай акупацыі ўдзельнічаў у вяртаньні ў Полацак мошчаў Сьвятой Эўфрасіньні, якія савецкія ваяўнічыя бязбожнікі раней паказвалі ў музэі…

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 304–305.


1936 — Мікола Гіль, беларускі пісьменьнік, журналіст, перакладчык.

1948 — Анатоль Бутэвіч, беларускі пісьменьнік, палітык і дыплямат.

1979 — Юлія Несьцярэнка, беларуская лёгкаатлетка, алімпійская чэмпіёнка.

У памяці

1545 — Лізавета Аўстрыйская, каралева Польская і вялікая княгіня Літоўская.

1992 — Леў Гумілёў, расейскі гісторык-этноляг, філёзаф і паэт, сын Ганны Ахматавай і Мікалая Гумілёва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG