Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ёсьць хто ў новым урадзе Ізраілю. Чацьвёрка найважнейшых асобаў, якія будуць на слыху


Новы кааліцыйны ўрад Ізраілю, 14 чэрвеня 2021 г.
Новы кааліцыйны ўрад Ізраілю, 14 чэрвеня 2021 г.

Новы ўрад Ізраілю, прыведзены да прысягі 13 чэрвеня — гэта мяшанка палітычных партый, якія мелі мала агульнага, акрамя імкненьня адправіць у адстаўку шматгадовага прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу.

Так ацэньвае сытуацыю карэспандэнт агенцтва Reuters Ары Рабіновіч, які прадстаўляе сьціслыя профілі найважнейшых чальцоў новага ізраільскага кабінэту міністраў.

Цяперашняя ўрадавая кааліцыя складаецца з палітыкаў як крайне левага, так і крайне правага палітычнага спэктру, і ўпершыню ўключае ў сябе невялікую ісламісцкую фракцыю, якая прадстаўляе арабскую меншасьць Ізраілю.

Чакаецца, што асноўная ўвага ўраду будзе засяроджаная на эканамічных і сацыяльных пытаньнях, а не на вырашэньні ізраільска-палестынскага канфлікту.

Вось чацьвёрка найважнейшых асобаў у новым урадзе.

Нафталі Бэнэт — прэмʼер-міністар

Нафталі Бэнэт
Нафталі Бэнэт

Бэнэт узначальвае ультранацыяналістычную партыю «Яміна» («Направа»), якая выступае за габрэйскія паселішчы на акупаваным Ізраілем Заходнім беразе Ярдану. Бэнэт працаваў у папярэдніх урадах, якія ўзначальваў Нэтаньягу, зусім нядаўна быў міністрам абароны. Ён выступае супраць стварэньня незалежнай палестынскай дзяржавы. Згодна з кааліцыйнай дамовай, Бэнэт будзе выконваць абавязкі прэмʼер-міністра на працягу двух гадоў, пасьля чаго яго павінен будзе замяніць Яір Лапід.

Яір Лапід — міністар замежных спраў

Яір Лапід
Яір Лапід

Лапід узначальвае цэнтрысцкую партыю «Еш Атыд» («Ёсьць будучыня»), ён архітэктар новага ўраду. Ягоная партыя — найбуйнейшая ў кааліцыі, але ён пагадзіўся падзяліць уладу з Бэнэтам, каб забясьпечыць парлямэнцкую большасьць. 57-гадовы Лапід у 2012 годзе пакінуў працу вядоўцы ў тэлевізіі і стварыў уласную партыю, абяцаючы аслабіць фінансавы ціск на сярэднюю клясу. Ён таксама імкнецца пакласьці канец многім прывілеям, якія фінансуюцца дзяржавай і якімі карыстаюцца ультраартадаксальныя габрэі.

Бэні Ганц — міністар абароны

Бэні Ганц
Бэні Ганц

Не далей як два гады таму Ганца, былога начальніка штабу ўзброеных сілаў, які ўзначальваў цэнтрысцкую партыю «Сіня-белыя», апазыцыя бачыла як наступніка Нэтаньяху. Але ён тады пагадзіўся далучыцца да ўраду Нэтаньягу на пасадзе міністра абароны, якую захоўвае і цяпер.

Авігдор Лібэрман — міністар фінансаў

Авігдор Лібэрман
Авігдор Лібэрман

Ультраправы імігрант з Малдовы, які жыве ў ізраільскім паселішчы на Заходнім беразе, 63-гадовы Лібэрман раней, як і Ганц, быў у кабінэце Нэтаньягу. На пасадзе міністра фінансаў яму давядзецца стрымліваць дэфіцыт бюджэту, які ўзрастаў падчас каранавіруснай пандэміі. Ён заявіў, што паспрабуе зьмяніць статус-кво паміж урадам і палітычна магутнай ультраартадаксальнай меншасьцю Ізраілю, якая была апорай ураду Нэтаньягу. Лібэрман заявіў, што будзе працаваць над тым, каб больш інтэграваць гэтую меншасьць у эканоміку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG