Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакеры скралі зыходны код гульняў FIFA у кампаніі Electronic Arts


Хакеры напалі на найбуйнейшага выдаўца відэагульняў — кампанію Electronic Arts.

Першым пра атаку напісала выданьне Vice. Прэс-служба кампаніі пацьвердзіла інфармацыю тэлеканалу CNN.

Паводле зьвестак Electronic Arts, хакеры ўзламалі сыстэму, скралі 780 гігабайтаў дадзеных, уключаючы зыходны код рухавіка Frostbite. Ён выкарыстоўваецца ў гульнях FIFA, Madden NFL і Battlefield. Уцечкі пэрсанальных зьвестак не было. Патрабаваньняў зламысьнікі не вылучалі.

Electronic Arts заявіла, што ўнесла паляпшэньні ў сыстэму бясьпекі. Кампанія лічыць, што інцыдэнт ніяк не паўплывае на гульні і бізнэс.

Тэлеграм-канал «Уцечкі інфармацыі» паведамляе, што зыходныя коды гульні FIFA 21 выстаўлены на продаж у даркнэце. Паводле папярэдніх зьвестак, зламысьнікі патрабуюць 28 мільёнаў даляраў.

Спэцыялісты ў кампутэрнай бясьпецы адзначаюць рост колькасьці кібэратакаў. Напрыклад, у 2020 годзе ў параўнаньні з 2019 годам колькасьць інцыдэнтаў на прамысловых прадпрыемствах вырасла на 91 працэнт. Колькасьць нападаў з выкарыстаньнем шкоднага праграмнага забесьпячэньня павялічылася на 54 адсоткі.

Пра апошнія буйныя ўзломы паведамлялася ў траўні. Тады стала вядома аб атаках на трубаправодную кампанію Colonial Pipeline і найбуйнейшага ў сьвеце вытворцу мяса JBS. Злачынцы патрабавалі выкуп. Канцэрн JBS прызнаў, што заплаціў хакерам пасьля кібэратакі выкуп у памеры 11 мільёнаў даляраў. ФБР заявіла, што за кібэратакай стаіць зьвязаная з Расеяй хакерская група. Расейскія ўлады адмаўляюць якое-небудзь дачыненьне да нападаў і сьцьвярджаюць, што хакерскія групоўкі могуць дзейнічаць з розных краінаў сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG