Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы лічыць немэтазгоднай сустрэчу палітвязьня Пачобута зь сям’ёй. Ці прасіў за яго Назарбаеў?


Плякат у падтрымку Пачобута
Плякат у падтрымку Пачобута

Ліст ад сьледчага Дзьмітрыя Ганчарыка, дзе ён заяўляе, што ня лічыць спатканьне мэтазгодным, апублікавала ў сябе ў фэйсбуку жонка палітвязьня Аксана Пачобут. Пра спатканьне прасіла і дачка Анджэя Яна.

Журналіста і сябра Рады саюзу Палякаў Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка, ён знаходзіцца ў Жодзінскай турме. У сакавіку ж затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары і старшыню Саюзу палякаў Анжаліку Борыс. Ім закідаюць «распальваньне нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыю нацызму».

Пазьней стала вядома, што Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму. У той жа час тры іншыя польскія актывісткі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава — гэтай магчымасьцю скарысталіся, іх без дакумэнтаў вывезьлі ў Польшчу. Прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант распавяла, што з просьбай аб вызваленьні палякаў да яго зьвяртаўся былы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў.


Ці так гэта насамрэч, удакладніць пакуль не ўдалося. На тэлефонныя званкі прэс-сакратар Назарбаева Айдос Укібай не адказвае. У графіку Назарбаева сапраўды была тэлефонная размова з Лукашэнкам — 15 красавіка. У паведамленьні пра яе гаворыцца, што яны абмеркавалі пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама «некаторыя пытаньні рэгіянальнага і міжнароднага парадку». Пры гэтым на сайце Назарбаева няма інфармацыі пра яго перамовы з кімсьці з афіцыйных асобаў Польшчы.

Казахстан і Польшчу зьвязваюць шчыльныя адносіны, Назарбаеў некалькі разоў бываў у гэтай краіне з візытамі, у апошні раз — у 2016 годзе. Потым Казахстан наведваў з візытам у адказ прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

  • У канцы траўня намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Аляксандр Панкін заявіў, што прапрацоўваецца сумесны адказ Эўразійскага эканамічнага саюзу на санкцыі Захаду.
  • Казахстан стаў адзінай краінай ЭАЭС, якая катэгарычна не пагадзілася з намерам Расеі падрыхтаваць супольны адказ на санкцыі. «Мы зыходзім з таго, што санкцыі Захаду маюць у сваёй аснове, перш за ўсё, палітычныя матывы і накіраваныя супраць асобных дзяржаваў, а не ўсяго ЭАЭС», — гаворыцца ў камэнтары МЗС Казахстану.
  • У камэнтары адзначана: «Казахстан прытрымліваецца пазыцыі, што інтэграцыйныя працэсы ў рамках ЭАЭС носяць выключна эканамічны характар», і гаворыцца пра «непрымальнасьць надзяленьня органаў эўразійскай інтэграцыі неўласьцівымі функцыямі».
  • Эўразійскі эканамічны саюз, заснаваны ў 2014 годзе, уключае Расею, Беларусь, Армэнію, Казахстан і Кыргызстан. Казахскія эканамісты адзначаюць, што з прычыны эканамічнай залежнасьці Казахстану ад Расеі рэжым санкцый супраць гэтай краіны апошнія некалькі гадоў аказвае значны нэгатыўны ўплыў на казахстанскую эканоміку.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG