Выстава заснаваная на гісторыях трыццаці беларусаў, якія вымушана зьехалі з бацькаўшчыны пасьля перасьледу за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.
Мастачка прапанавала вымушаным беларускім мігрантам расказаць у сваіх лістах пра досьвед адаптацыі на новым месцы.
«Героі майго праекту — гэта розныя людзі, якія зьехалі зь Беларусі з розных прычын. І мне было важна паказаць, наколькі блізкія і розныя эмоцыі яны перажываюць, зь якімі складанасьцямі сутыкаюцца найбольш у пытаньнях адаптацыі. Гэта блізка і да ўкраінскага кантэксту, бо таксама ёсьць факты такога экстранага і масавага перасяленьня», — расказала Свабодзе Надзея Саяпіна.
Мастачка рэалізавала свой праект пры падтрымцы Мастацкага арсэналу і Інстытуту Гётэ. Выстава мае адразу некалькі вымярэньняў — эпісталярнае, мастацкае і мультымэдыйнае.
Паводле задумы, праект будзе мець працяг, бо кожны наведнік можа далучыцца да яго і напісаць свой ліст пра тое, чаго не хапае людзям на новым месцы.
«Хацелася дасьледаваць, як рэагуюць беларусы, якія знаходзяцца ў Беларусі, на тое, што робяць беларусы, якія зьехалі, як яны сябе праяўляюць у сацыяльных мэдыя, ці адчуваюць віну, ці дазваляюць сабе паказваць свае эмоцыі — радасьць, горыч, свае праблемы і гэтак далей», — кажа мастачка.
Паводле яе, вельмі шмат беларусаў адчуваюць віну за тое, што зьехалі. «Большасьць людзей, зь якімі я размаўляла, хочуць вярнуцца, чакаюць гэтага моманту. Ім складана і, магчыма, ня вельмі хочацца адаптавацца ў мясцовым кантэксьце, бо гэта не была сьвядома выбраная міграцыя. Таму, нават доўга знаходзячыся ва Ўкраіне, яны вырашаюць пытаньні, зьвязаныя з арганізацыяй свайго жыцьця, але вельмі мала ўвагі зьвяртаюць на тое, што робіцца вакол іх. Ім нават ня так проста адказаць на пытаньне, што ім тут падабаецца і не падабаецца, бо яны вельмі моцна пагружаныя ў беларускі кантэкст. Атрымліваецца, што яны фізычна ва Ўкраіне, а эмацыйна і ў думках — дома. Вось пра гэта і хацелася расказаць».
Летась у верасьні Надзея Саяпіна адседзела 15 сутак на Акрэсьціна і ў Жодзіне за ўдзел у мастацкім пэрформансе каля Палаца мастацтваў з фатаздымкамі людзей, зьбітых сілавікамі. А перад гэтым у яе зрабілі ператрус — забралі старыя тэлефоны, нават разьбітыя, флэшкі, няспраўны ноўтбук, старыя вінчэстэры. Паглядзелі малюнкі, паперы, але іх не забралі.
«Я не магу сказаць, што я была вымушаная зьехаць. Гэта было маё рашэньне. Мне было складана перажыць гэты досьвед і хацелася апынуцца ў іншым месцы, „пераварыць“ гэта ўсё. І, як у шмат каго адбывалася, ты не заўсёды разумееш, на колькі ты зьяжджаеш — на пару месяцаў ці на пару тыдняў. Я сутыкалася з тымі самымі пытаньнямі, і калі ўжо гаварыць пра эмоцыі, то іх шмат. Сапраўды, складана ўключыцца ў кантэкст, нават калі ты сам выбіраеш такі шлях, нават калі цікава працаваць на новым месцы, знаёміцца з кантэкстам, зь людзьмі».
Надзея кажа, што ёй крыху лягчэй было адаптавацца, бо яна была захопленая працэсам рэалізацыі свайго праекту. «А што да адчуваньня віны... Напэўна, я таксама з гэтым сутыкалася, бо заўсёды параўноўваеш сваю сытуацыю з чужой, і, вядома ж, калі бачыш больш страшныя і цяжкія выпадкі, думаеш, як табе пашанцавала. Калі я задавала гэтае пытаньне людзям, яны часта казалі, што змаглі перасіліць сябе, бо ўсе разумеюць, што гэтае адчуваньне прыгнятае, і вельмі часта неапраўдана прыгнятае».
«Для мяне гэта было вельмі дзіўна выявіць, бо яшчэ 10–15 гадоў таму ніхто не адчуваў віны, калі эміграваў у пошуках новых канкрэтных магчымасьцяў. А цяпер у нас усіх ёсьць такая сытуацыя, калі чалавек не дазваляе сабе казаць, што яму цяжка, балюча ці кепска», — кажа Надзея Саяпіна.
Мастачка кажа, што пакуль не плянуе вяртацца ў Беларусь і вельмі хоча прадоўжыць свой праект ужо ва ўкраінскім кантэксьце. «Такія самыя праблемы маюць украінскія перасяленцы, якія даўжэй жывуць у такіх эмоцыях. Сярод украінскіх удзельнікаў былі людзі, якія расказвалі пра сваю настальгію і боль па доме, які яны вымушана пакінулі. Хоць у нас розныя кантэксты, але вынікі блізкія. Мне цікава з гэтым працаваць, і я хачу пакуль застацца».
Выстаўка «Ліст да мамы» будзе працаваць да 4 ліпеня. Уваход вольны для ўсіх наведнікаў.