Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітык Арцём Шрайбман зьехаў зь Беларусі пасьля «інтэрвію» Пратасевіча на АНТ


Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

«Іранічна атрымалася. Раніцай 3 чэрвеня выходзіць выпуск праекту „Рэдакцыя“, які завяршаецца маімі словамі пра тое, што я не адчуваю простай пагрозы і таму не зьяжджаю зь Беларусі, а ўжо вечарам я ў сьпешцы зьбіраю рэчы і выбіраюся з краіны», — напісаў Арцём Шрайбман у «Тэлеграме».

Прычынай сталі словы Рамана Пратасевіча на АНТ пра тое, што Арцём Шрайбман дапамагаў парадамі ў чаце, які можна было назваць каардынацыйным штабам рэвалюцыі — Love Hata.

«Магу толькі здагадвацца, чаму і ці з сваёй волі, але Рома перабольшыў мой удзел у працэсе. Я сапраўды да канца восені 2020 году быў у гэтым чаце, які пачынаўся як простая онлайн-сходка блогераў, але па меры нарастаньня пратэстаў гэтая тэма станавілася ключавой у абмеркаваньнях.

Мой інтарэс быў у тым, каб назіраць ужывую, як камунікуюць тыя, каго да жніўня сталі называць каардынатарамі беларускай рэвалюцыі. Далёка ня ўсе ў чаце падыходзілі пад гэтае апісаньне, дый само абмеркаваньне дэталяў будучых акцый дзеля бясьпекі праходзіла на сазвонах „каардынатараў“. Я з тых самых меркаваньняў бясьпекі ні ў адным з такіх сазвонаў так і не паўдзельнічаў».

Шрайбмана паказалі ў сьпісе ўдзельнікаў чату на АНТ яшчэ ў сьнежні, але ён ня зьехаў тады, бо лічыў, што сілавікам яму няма чаго прадʼявіць.

«З майго боку не было ніякага кансультаваньня за межамі нейкага базавага апісаньня майго бачаньня сытуацыі ў краіне, то бок таго, што я і так кажу ў інтэрвію і пішу ў артыкулах».

Але пасьля перадачы з Пратасевічам сытуацыя перайшла ў «зону некамфортнай рызыкі», — напісаў Шрайбман.

«Гэтае пачуцьцё ўзмацнілася, калі ў той самы вечар я ўбачыў нешта падобнае на вонкавае назіраньне каля свайго падʼезда. Ня ведаю, ці пагражаў мне арышт. Інтэрвію Рамана пусьцілі ў эфір, не затрымаўшы мяне напярэдадні, хоць я і не хаваўся. Можа, і цяпер усё б скончылася, як і паўгода таму, то бок нічым. Але спакойна жыць і працаваць у краіне пры такіх уводных далей было б складана. Таму давялося пайсьці на вельмі некамфортнае рашэньне — зьехаць.

Абедзьве альтэрнатывы — СІЗА і штодзённае чаканьне СІЗА — былі яшчэ горш, як для мяне, так і для блізкіх», — адзначыў Шрайбман.

Арцём Шрайбман асобна адзначыў, што не крыўдуе на Рамана Пратасевіча.

«Мы ня ведаем, які падвал у ЛНР і які лёс для ягонай дзяўчыны яму абрысавалі ў выпадку адмовы ад гэтага інтэрвію. Закладнікаў ня судзяць».

Цяпер Арцём Шрайбман ва Ўкраіне, паведаміў ён «Нашай Ніве».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG