Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр сьвятар Фёдар Крыванос, дасьледнік рэпрэсій бальшавікоў супраць духавенства


1 чэрвеня 2021 году пасьля доўгай хваробы памёр заштатны клірык Менскай япархіі протаярэй Фёдар Крыванос, паведамляе church.by.

Айцец Фёдар нарадзіўся 18 жніўня 1962 году. У 1985 годзе скончыў гістфак БДУ. Хрысьціўся дарослым у менскай царкве сьвятога Аляксандра Неўскага ў 1987 годзе. У 1994 годзе мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам пасьвячаны ў дыякана, а пасьля і ў сьвятара.

Скончыў Менскую духоўную сэмінарыю ў 2001 годзе і Менскую духоўную акадэмію ў 2007 годзе, шмат гадоў выкладаў у менскіх духоўных школах.

Служэньне праходзіў у Сьвята-Духавым катэдральным саборы. Быў адказны за працу нядзельных школ у парафіях Менскай япархіі, працаваў у Выдавецкай радзе Беларускай праваслаўнай царквы, быў членам Сынадальнай камісіі па кананізацыі сьвятых Беларускай праваслаўнай царквы.

Апошнія гады хварэў і ў 2018 годзе быў залічаны за штат, аднак не пакідаў асьветніцкай дзейнасьці: рэгулярна пісаў і публікаваў артыкулы па гісторыі Беларускай праваслаўнай царквы.

Шукаў імёны і біяграфіі клірыкаў Менскай япархіі, закатаваных бальшавікамі. Справу гэтую пачаў яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Працуючы ў архіве КДБ Беларусі, айцец Крыванос азнаёміўся са шматлікімі матэрыяламі сьледчых справаў рэпрэсаваных сьвятароў і сьвецкіх вернікаў.

28 кастрычніка 1999 году Сынод Беларускага экзархату кананізаваў 23 асобы, якія прынялі пакутніцкую сьмерць за веру ў 30–50-я гады ХХ стагодзьдзя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG