Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сказала, што зробіць, як усе»: дачка палітзьняволенай Ірэны Бярнацкай пра вываз маці ў Польшчу


Ірэна Бярнацкая, архіўнае фота
Ірэна Бярнацкая, архіўнае фота

Дачка палітзьняволенай старшыні Лідзкага аддзяленьня «Саюзу палякаў Беларусі» Ірэны Бярнацкай Вераніка Піута пракамэнтавала «Эўрарадыё» вываз маці ў Польшчу.

«Я ў яе пыталася: „Калі прапануюць, ты гатовая будзеш выехаць у Польшчу?“ Яна адказала, што зробіць так, як усе, каб нікога не падставіць», — кажа Вераніка Піута.

2 чэрвеня стала вядома, што траіх затрыманых па «справе палякаў» — Ірэну Бярнацкую, Марыну Цішкоўскую і Ганну Панішаву — вывезьлі зь Беларусі ў Польшчу. Паводле польскага МЗС, гэта адбылося яшчэ 25 траўня, але сваякі затрыманых нічога ня ведалі.

«Мы даведаліся, як і ўсе, з сацсетак, — кажа Вераніка. — Зьвязаліся зь менскім консулам, ён сказаў, што гэта падобна да праўды. Не разумею, навошта столькі часу ад нас хавалі гэтую інфармацыю».

27 красавіка Вераніка мела спатканьне з маці і сказала ёй: «Калі прапануюць і будзе зусім невыносна — зьяжджай. Калі будзеш разумець, што вытрымаеш, — будзь да канца». Дзяўчына кажа, што падчас той сустрэчы Ірэна была ў гуморы, «гатовая да ўсяго»:

«Я баялася, што ўсё будзе інакш, што мама будзе якой-небудзь недамытай, бруднай. Але не: адпачылая, сьветлая, чыстая. Маці казала, што стаўленьне ў СІЗА-1 было вельмі добрае, што ёй дапамагаюць. Амаль усе дзяўчаты ў камэры былі палітычныя, нехта перадаваў навіны, што адбываецца ў краіне. А ў Жодзіне, куды яе этапавалі ўночы з 17 на 18 траўня, умовы і стаўленьне аховы самой турмы былі жудасныя».

Вераніка мяркуе, што маці вывезьлі ў Польшчу ўжо з жодзінскай турмы. Яе турбуе, што маці цяпер ня зможа вярнуцца ў Беларусь.

Апошні ліст ад Ірэны Бярнацкай сваякі атрымалі 19 траўня. Нічога наконт магчымасьці выехаць у Польшчу жанчына не пісала. З 29 траўня родным пачалі вяртацца іх лісты, а таксама ўсе пасылкі. Таксама вядома, што 26 траўня ў дачыненьні да Ірэны павінны былі весьці сьледчыя дзеяньні, але іх перанесьлі на 1 чэрвеня, а потым і гэтую сустрэчу нібыта адмянілі. Сьледчы, якому Вераніка патэлефанавала даведацца пра здароўе маці, сказаў, што ўсё ў парадку.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG