1 чэрвеня на нарадзе ў Менску Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сьледзтва ў справе грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі, як і беларуса Рамана Пратасевіча, будзе праходзіць у самой Беларусі, інфармуе БелТА.
Раней прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў ня выключыў, што расейскі бок падыме пытаньне аб яе пераводзе для суду ў Расею. Па словах Лукашэнкі, на гэтую тэму ён з Уладзімірам Пуціным у Сочы патрацілі няшмат часу.
Сапезе выставілі падазрэньне ў распальваньні варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў турмы.
Па словах Лукашэнкі, ён запэўніў Пуціна, «што ніякіх ня будзе пытаньняў з доступам консулаў».
Соф’я Сапега — студэнтка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і дзяўчына журналіста Рамана Пратасевіча, уключанага ў Беларусі ў «сьпіс тэрарыстаў» і затрыманага разам зь ёй у аэрапорце Менску пасьля скандальнай пасадкі самалёту рэйсу Атэны — Вільня. Кіраўнік кампаніі Ryanair Майкл О’Ліры назваў інцыдэнт з самалётам «актам фундаванага дзяржавай пірацтва».
Некалькі дзён да Соф’і не пускалі адваката. Па словах юрыста, дзяўчына адчувае сябе нармальна, але зрэдку ў яе здараюцца панічныя атакі.