Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатка ў канцлеры Нямеччыны заклікала пашырыць санкцыі супраць Лукашэнкі за кошт нафтавага сэктару


Аналена Бербок
Аналена Бербок

Эканамічныя санкцыі супраць уладаў Беларусі пасьля захопу лайнэра Ryanair і затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча неабходна распаўсюдзіць на нафтавы сэктар, перакананая кандыдатка на пасаду канцлера Нямеччыны Аналена Бербок.

Як перадае «Нямецкая хваля», сустаршыня праўленьня партыі Bündnis 90/Die Grünen (Саюз-90/Зялёныя) Аналена Бербок заявіла пра неабходнасьць штрафных мераў у дачыненьні да нафтавай галіны Беларусі.

«Нафтавы бізнэс — найважнейшая крыніца прыбыткаў. Таму ў першую чаргу неабходна распаўсюдзіць санкцыі, якія цяпер накіраваныя на асобных людзей, на нафтавыя апэрацыі», — сказала яна.

Разам з тым Аналена Бербок падкрэсьліла, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўтрымліваецца, перш за ўсё, «за кошт падтрымкі Крамля». Таму, па яе словах, праект будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток — 2» — «цэнтральнае геапалітычнае пытаньне».

Адначасова лідэрка «зялёных» абвінаваціла цяперашнія ўлады Нямеччыны ў «падвойнай стратэгіі».

«З аднаго боку, кажуць, што падтрымліваюць санкцыі Эўразьвязу, зь іншага боку, фэдэральны ўрад падтрымлівае газаправод „Паўночны паток — 2“, які менавіта гэтыя санкцыі перакрэсьлівае», — заявіла яна і заклікала трымаць жорсткі курс у дачыненьні да Расеі, але працягваць дыялёг.

Урад Нямеччыны падтрымлівае «Паўночны паток — 2», хоць у краіне нямала яго крытыкаў. Супраць завяршэньня праекту выступаюць ЗША і многія краіны Эўропы. «Паўночны паток — 2» амаль дабудаваны, завершана пракладка каля 95% газаправоду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG