«Для нас вялікі гонар узнагародзіць прэміяй за 2021 год маладога беларускага журналіста і актывіста Рамана Пратасевіча, які даў голас усёй краіне падчас найбуйнейшых антыўрадавых пратэстаў у гісторыі Беларусі, выкарыстоўваючы тэхналёгіі і новыя мэдыя на карысьць дэмакратыі. Рамана і яго дзяўчыну Соф’ю Сапегу тэрмінова трэба вызваліць», — заявіў Нікулаэ Рачу, старшыня створанага ў 1979 годзе дабрачыннага фонду сям’і Рачу.
Ляўрэатам прэміі прадастаўляюць права на паездку ў цэнтар Вільсана ў Вашынгтон на тэрмін ад 1 да 3 месяцаў. Там яны маюць магчымасьць узаемадзейнічаць з палітыкамі, сродкамі масавай інфармацыі і навуковымі суполкамі.
У розныя гады ляўрэатамі прэміі станавіліся асобы з розных краін і кантынэнтаў. Раман Пратасевіч — другі беларус, які ўганараваны ёй. Першым стаў экспэрт у нямецкай філязофіі Анатоль Міхайлаў.
Іён Рачу (1917-2000) — румынскі палітык і інтэлектуал, які займаўся праблематыкай дэмакратычных пераўтварэньняў ва ўсім сьвеце. Democracy Award, якая грунтуецца на ягоных дасягненьнях, падтрымлівае людзей па ўсёй плянэце, якія працуюць дзеля дэмакратыі — актывістаў і інтэлектуалаў, незалежна ад таго, ці яны ў выгнаньні з-за рэпрэсіўных рэжымаў, ці прадстаўляюць дэмакратычныя краіны, што разьвіваюцца.