Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі могуць прыняць да 21 чэрвеня. Пра што дамовіліся падчас візыту Ціханоўскай ў Нідэрлянды


Сьвятлана Ціханоўская і прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі.
Сьвятлана Ціханоўская і прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі.

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Нідэрляндаў Маркам Рутэ і міністаркай замежных спраў Нідэрляндаў Сігрыд Кааг.

Як паведамляецца на сайце Сьвятланы Ціханоўскай, абмяркоўваліся новыя санкцыі і далейшыя крокі ЭЗ, у тым ліку неабходнасьць скаардынаваць дзеяньні зь Вялікай Брытаніяй, ЗША і Ўкраінай для супольнага ціску на рэжым.

Марк Рутэ заявіў, што «рэжым панікуе, гэта факт. Тое, што ён зрабіў з самалётам, — беспрэцэдэнтны ўчынак. І гэта доказ таго, што яны панікуюць у сваім бункеры. Мы будзем працягваць ціск і будзем з усіх сілаў біць па іх болевых месцах: па іх статусе, па іх палажэньні, па іх кішэнях, па ўсім».

Паводле кіраўніцы МЗС Нідэрляндаў, санкцыі могуць прыняць да 21 чэрвеня.

Сьвятлана Ціханоўская з прэм'ер-міністрам Нідэрляндаў Маркам Рутэ і міністаркай замежных спраў Нідэрляндаў Сігрыд Кааг.
Сьвятлана Ціханоўская з прэм'ер-міністрам Нідэрляндаў Маркам Рутэ і міністаркай замежных спраў Нідэрляндаў Сігрыд Кааг.

Як паведамляецца, Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком ураду і міністаркай замежных спраў Нідэрляндаў магчымасьці дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасьці: лекарам, студэнтам, выкладчыкам, журналістам, якія цяпер пад ціскам або за кратамі.

На сумеснай прэсавай канфэрэнцыі Ціханоўская падзякавала Нідэрляндам за жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і за тое, што яны прызнаюць яго дзеяньні злачыннымі. Рутэ адказаў, што ніколі за 10 гадоў на пасадзе прэмʼер-міністра ня бачыў такога адзінства ў Эўрапейскай радзе і ўпершыню бачыць такое абʼяднаньне кіраўнікоў дзяржаваў ЭЗ.

Ён таксама паведаміў, што хацеў бы бачыць Ціханоўскую наступным прэзыдэнтам Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская таксама сустрэлася зь беларускай дыяспарай і зь юрыстамі з нагоды заявы ў Міжнародны крымінальны суд, які знаходзіцца ў Гаазе, пра пачатак сьледчых дзеяньняў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.

Ціханоўская таксама выступіла перад прадстаўнікамі ўсіх асноўных фракцый у парлямэнце. «Беларусь можа стаць гісторыяй посьпеху ўсёй Эўропы, таму што наўпрост цяпер беларусы змагаюцца за свабоду і за тыя каштоўнасьці, на якіх стаіць Эўропа. І нам вельмі важна ведаць, што ў гэтай барацьбе мы не адны», — заявіла Святлана Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG