Дзіцячую выхавацельку пакаралі «хіміяй» за «гвалт» над чатырма міліцыянтамі
Суд Віцебскага раёну 28 траўня вынес прысуд у крымінальнай справе супраць жыхаркі пасёлку Ноўка Тацяны Туравец. Выхавацельку дзіцячага садка абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні гвалту над супрацоўнікамі міліцыі.
Жанчына падчас затрыманьня нібыта ўкусіла за палец аднаго, пракусіла пальчатку другому і нанесла удар нагой у вобласьць галавы трэцяму супрацоўніку.
Справу разглядала судзьдзя Натальля Трацякова. Дзяржабвінаваўца — Мікіта Раманоўскі, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле абвінаваўцы, у ноч на 10 лютага Тацяна Туравец перашкаджала «законнай дзейнасьці супрацоўнікаў міліцыі» — ператрусу ў яе доме. Нібыта чыніла «актыўны супраціў, хапала іх рукамі, выпіхвала з дому, пагражала фізычнай расправай, абражала».
Дзеяньні ў дачыненьні да пацярпелых Сергіенкі, Старчанкі, Філіпенкі, Шутава пракуратура палічыла наўмыснымі. Міліцыянты вымушаныя былі ўжыць у дачыненьні да яе фізычную сілу і надзець кайданкі.
Пракурор запрасіў для абвінавачанай 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя прызнала Тацяну Туравец вінаватай у гвалце над супрацоўнікам міліцыі і пакарала яе 3 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Таксама яна мусіць сплаціць матэрыяльны ўрон за падраную пальчатку пацярпелага Старчанкі (16 рублёў 15 капеек) і судовыя выдаткі.
Налепка на аўто: спачатку 12 сутак, потым крыміналка
У Гомелі па крымінальнай справе за «масавыя беспарадкі» затрыманы 40-гадовы Яўген Маркавец. Ягоная маці паведаміла, што сёньня ў яе дома (дзе зарэгістраваны сын) і па месцу ягонага жыхарства прайшлі ператрусы. Міліцыя і сьледчыя забралі ўсю тэхніку. «Тыдні два таму ўчастковы заўважыў на аўто Яўгена налепку. Яна была недзе 5 на 8 сантымэтраў. З БЧБ і Пагоняй. Участковы склаў пратакол, што Жэня правёў масавае мерапрыемства! З дапамогай налепкі! Калі аўто стаяла ў двары, а ён быў у кватэры. Жэня па суду атрымаў 12 сутак за налепку. А цяпер ён увогуле праходзіць па крымінальнай справе нібыта за нейкія заклікі ў інтэрнэце», – распавяла маці. Цяпер Яўген у ІЧУ.
Калёнія ўзмоцненага рэжыму для адміністратара тэлеграм-чату
Як паведамляе «Вясна», у судзе Першамайскага раёну Менску асудзілі на 2 гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму адміністратара тэлеграм-чату «Минск. Перекрытие дорог», 26-гадовага Д. Сінкевіча. Яго абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, шляхам інструктаваньня людзей аб перакрыцьці руху транспарту ў Менску (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядаў судзьдзя Максім Трусевіч.
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, Сінкевіч у пэрыяд з 31 жніўня да 30 кастрычніка 2020 года, зьяўляючыся адміністратарам Telegram-чату «Минск. Перекрытие дорог. Чат», разьмяшчаў у ім артыкулы з інструкцыямі аб перакрыцьці руху транспарту. Акрамя гэтага, як сьцьвярджае дзяржаўны абвінаваўца, ён займаўся пошукам асобаў для такіх дзеяньняў і непасрэдна імі кіраваў.
Суд Першамайскага раёну прызнаў Сінкевіча вінаватым і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе 2 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Арышты і штрафы ўдзельнікам дваравога маршу ў Сухарава
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна» у Сухарава затрымалі ўдзельнікаў дваравога маршу, іх арыштоўваюць на 10-15 сутак. Жанчыну, якая здымала шэсьце на відэа з 12-га паверха, аштрафавалі на 5800 рублёў
26 траўня на вуліцы Шаранговіча, 59 прайшоў дваравы марш, у якім прынялі ўдзел не менш за 30 чалавек. За ўдзельнікамі пачалі прыходзіць дадому ўжо на наступны дзень. У Фрунзенскім РУУСе на ўдзельнікаў склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні, а іх справы 28 траўня разглядзелі ў судзе Фрунзенскага раёна.
Справы 54-гадовай Натальлі Дырыкавай і 41-гадовай Святланы Аганавай накіравалі судзьдзю Андрэю Млечку, які прысудзіў кожнай па 10 сутак. Справу 53-гадовай Святланы Геваідзян-Рогавай разглядала судзьдзя Марыя Ярохіна, якая арыштавала яе на 15 сутак.
47-гадовую Ірыну Малец таксама затрымалі дома 27 траўня, выбіўшы пры гэтым дзьверы. Яе справу разглядзеў судзьдзя Андрэй Млечка праз скайп. У Тацяны дома застаўся 4-гадовы сын — гэта значыць, што яе павінны былі выпусьціць яшчэ ўчора, не пазьней за тры гадзіны пасьля затрыманьня. Насуперак закону Ірыну пакінулі ў РУУСе амаль на суткі. Ірыну затрымалі за тое, што яна здымала шэсьце з 12 паверху сваёй кватэры. Але па пратаколе, Ірына нібыта прыняла ўдзел у масавым мерапрыемстве. Суддзя Млечка аштрафаваў Ірыну на 5800 рублёў (200 базавых) — гэта максымальнае пакараньне для матулі непаўнагадовага дзіцяці.