Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Открытая Россия» абвясьціла пра самаліквідацыю ў сувязі са зьменамі ў законе


Грамадзкая арганізацыя «Открытая Россия» абвясьціла пра самаліквідацыю. Уся яе дзейнасьць спыненая, тэрытарыяльныя аддзяленьні зачыненыя, сяброўства ўдзельнікаў ануляванае.

Выканаўчы дырэктар Андрэй Півавараў паведаміў, што рашэньне калегіяльна прыняла Рада «Открытой России». Нагодай для яго стала рыхтаванае ўзмацненьне крымінальнага пакараньня па артыкуле аб дзейнасьці непажаданых арганізацый.

Каардынатарка «Открытой России» Тацьцяна Ўсманава напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што рашэньне прынята, «каб абараніць прыхільнікаў».

«Цяпер у Дзярждуме ў тэрміновым парадку прымаюць папраўкі да 284-га артыкулу Крымінальнага кодэксу, паводле якіх наша праца далей проста немагчымая. Над усімі каардынатарамі і прыхільнікамі будзе вісець небясьпека сесьці ў турму на 6 гадоў. Хутка выбары ў парлямэнт, рэгіянальныя выбары: кожнага, хто вылучы — пасадзілі б, сумневаў няма», — адзначыла каардынатарка «Открытой России».

Усманава нагадала, што нядаўна ўлады сарвалі Форум муніцыпальных дэпутатаў у Маскве і дзьвесьце чалавек атрымалі адміністрацыйныя пакараньні проста за тое, што яна і Андрэй Півавараў, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, мелі дачыненьне да «Открытой России». Паводле новага закону гэтыя адміністрацыйныя справы ператварыліся б у крымінальныя справы з рэальнымі тэрмінамі пазбаўленьня волі, упэўненая Ўсманава.

У сваю чаргу прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, камэнтуючы спыненьне дзейнасьці «Открытой России», заявіў, што «сыход чагосьці не азначае зачыстку палітычнага поля».

  • Закон аб непажаданых арганізацыях быў падпісаны Ўладзімірам Пуціным у траўні 2015 году. Згодна з дакумэнтам, ім забараняецца працаваць на тэрыторыі Расеі.
  • Непажаданай можа быць прызнана любая няўрадавая арганізацыя, якая, на думку генэральнага пракурора або яго намесьніка, стварае «пагрозу бясьпецы дзяржавы і асновам канстытуцыйнага ладу». Пасьля ўнясеньня ў сьпіс непажаданых, у арганізацыі замарожваюць усе яе рахункі. Таксама павінны быць зачыненыя ўсе яе аддзяленьні. Супрацоўнічаць з такімі арганізацыямі забаронена. Парушальнікам закону, у залежнасьці ад ступені ўдзелу ў дзейнасьці непажаданай арганізацыі, пагражаюць штрафы да 500 тысяч расейскіх рублёў (каля 6800 даляраў) і працяглыя тэрміны пазбаўленьня волі.
  • 26 красавіка 2017 году Генэральная пракуратура Расеі прызнала непажаданымі зарэгістраваныя ў Вялікабрытаніі і зьвязаныя зь Міхаілам Хадаркоўскім структуры Open Russia Civic Movement і OR (Otkrytaya Rossia). У расейскім руху «Открытая Россия», а таксама ў аднайменнай грамадзкай арганізацыі, неаднаразова заяўлялі, што яны не зьвязаныя з гэтымі структурамі. Нягледзячы на гэта, члены «Открытой России» неаднаразова падвяргаліся адміністрацыйнаму і крымінальнага перасьледу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG