Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над «Дыснэйлэндам» і Кітаем. Дзе ў сьвеце забараняюць палёты з палітычных (і ня толькі) прычынаў


RUSSIA -- A passenger plane flies in front of full moon, Moscow, February 27, 2018
RUSSIA -- A passenger plane flies in front of full moon, Moscow, February 27, 2018

Лятаць у абыход Беларусі можа быць значна даражэй для авіяліній: палёты будуць даўжэйшымі, а значыць, самалётам трэба больш паліва. Кампаніі таксама плацяць за права выкарыстоўваць паветраную прастору якой-небудзь краіны.

Рашэньне шэрагу авіялініяў прыпыніць палёты ў Беларусь — адзін з сотняў прыкладаў таго, як палітыка ўплывае на выкарыстаньне камэрцыйнымі самалётамі паветранай прасторы сувэрэннай дзяржавы.

Пра самыя гучныя выпадкі закрыцьця паветранай прасторы піша «Настоящее время».

Тайбэй — Парыж праз Расею

Напружаныя адносіны паміж Кітаем і Тайванем, які афіцыйны Кітай лічыць часткай сваёй дзяржавы, праяўляюцца і ў правах на выкарыстаньне паветранай прасторы.

У тайваньскай авіякампаніі EVA air няма поўных правоў на выкарыстаньне паветранай прасторы мацерыковага Кітаю для выкананьня палётаў у Эўропу. Самалёты з Тайбэя ў Амстэрдам, Лёндан і Вену аблятаюць Кітай з поўдня, а самалёт у Парыж — з поўначы, праз паветраную прастору Расеі.

Шлях рэйсу EVA Air 87 з Тайбэя ў Парыж у абыход мацерыковага Кітая
Шлях рэйсу EVA Air 87 з Тайбэя ў Парыж у абыход мацерыковага Кітая

Кітайскі ўрад у цэлым не дазваляе многім авіялініям лятаць на Тайвань. З эўрапейскіх авіякампаній толькі Air France лятае з Парыжа ў Тайбэй праз калідор на поўдні Кітая (але гэта і так не зьяўляецца самым кароткім шляхам), а таксама галяндзкая KLM, вымушаная лятаць у абыход мацерыковага Кітая.

Расея і Ўкраіна

З 25 кастрычніка 2015 году Ўкраіна закрыла сваё неба для расейскіх самалётаў. Расея неадкладна адказала ўзаемнасьцю.

Пасьля анэксіі Крыму Расеяй Украіна абвясьціла неба над паўвостравам закрытым, ня маючы магчымасьці яго кантраляваць і гарантаваць бясьпеку. Амэрыканскія ўлады забаранілі сваім самалётам любыя палёты над Крымам. Для эўрапейскіх бартоў існуе адзіны ўхвалены маршрут, якім можна карыстацца ў рэгіёне.

У 2021 годзе Ўкраіна ўвяла новыя санкцыі супраць 13 расейскіх і адной сырыйскай авіякампаніі Cham Wings Airlines за палёты ў Крым. Неба над мацерыковай Украінай для іх таксама закрылі.

Блякада Катара

У 2017 годзе некалькі арабскіх краін абвясьцілі аб разрыве дыпляматычных адносін з Катарам. Урад краіны абвінавацілі ў падтрымцы і фінансаваньні тэрарыстаў. Разрыў адносін праявіўся сярод іншага ў забароне для кампаній гэтай дзяржавы выкарыстоўваць паветраную прастору суседніх з Катарам арабскіх краін (Бахрэйна, Саудаўскай Арабіі, ААЭ, Эгіпта). У 2020 годзе Авіялініі Катара запатрабавалі ад чатырох арабскіх краін кампэнсацыю ў 5 мільярдаў даляраў.

У 2021 годзе краіны дамовіліся аб заканчэньні блякады і дазволілі Катару выкарыстоўваць сваю паветраную прастору.

Неба над Паўночнай Карэяй

З 1997 году Паўночная Карэя дазволіла замежным самалётам карыстацца сваёй паветранай прасторай. Але яе запрашэньне прымаць не сьпяшаліся — мясцовыя ўлады працягваюць часта без папярэджаньня тэставаць ракеты. Так, у 2017 годзе карэйская міжкантынэнтальная балістычная ракета праляцела там, дзе 10 хвілінаў да таго ляцеў самалёт Air France з Токіё ў Парыж з 323 людзьмі на борце. З тых часоў Air France забараніла сваім самалётам лятаць над Паўночнай Карэяй.

ЗША таксама забараняе сваім суднам лятаць над тэрыторыяй краіны, многія іншыя дзяржавы раяць пазьбягаць гэтай паветранай прасторы.

У 2014 годзе блогер Марцін Уільямс сачыў за паветраным рухам над Паўночнай Карэяй цягам 24 гадзін.

Катастрофа рэйсу 752 у Іране

Пасьля таго, як іранскія вайскоўцы зьбілі самалёт Украінскіх авіяліній, які выконваў рэйс з Тэгерана ў Кіеў, некалькі краін забаранілі сваім авіякампаніям лятаць над небам Ірана. Самалёты Ўкраіны і ЗША цалкам пазьбягаюць паветранай прасторы Ірана.

Савецкая спадчына

Расея дазваляе лётаць у сваёй паветранай прасторы толькі адной авіякампаніі ад кожнай краіны (выключэньні ёсьць, але іх літаральна некалькі). Так рабіў і СССР.

Напрыклад, цяпер толькі Скандынаўскія авіялініі маюць дазвол лятаць праз «Сібірскі калідор», які злучае Паўночную Эўропу і Азію. Скандынаўскія авіялініі належаць Даніі, Нарвэгіі і Швэцыі. Таму ў нарвэскіх авіялініяў няма права лятаць над Расеяй. Кампанія лабіюе адмову ад існуючых дамоўленасьцяў. «Большасьць азіяцкіх маршрутаў ніколі не рэалізуюцца, калі нам не дазволяць лятаць над Сібірам. Гэта было б настолькі даражэй, што мы нават не насьмеліліся падлічыць», — заявіў прадстаўнік нарвэскіх авіялініяў.

Араба-ізраільскі канфлікт у небе

Забарона выкарыстаньня паветранай прасторы Саудаўскай Арабіі самалётамі, якія ляцяць у Ізраіль ці з Ізраіля, існавала каля 70 гадоў. Але ў 2018 годзе ўрад Саудаўскай Арабіі дазволіў Air India выкарыстоўваць сваё неба для палётаў з Дэлі ў Тэль-Авіў.

У 2020 годзе Сырыя афіцыйна дазволіла любым самалётам пралятаць над сваёй тэрыторыяй па дарозе ў ААЭ.
Пры гэтым у каралеўстве падкрэсьліваюць, што гэта ніяк не мяняе іх пазыцыю: яны працягваюць падтрымліваць палестынцаў у канфлікце з ізраільцянамі.

Ад атамных станцый да Тадж-Махала

Акрамя «закрытых» краін або рэгіёнаў, па ўсім сьвеце існуюць тысячы аб’ектаў, палёты над якімі забароненыя мясцовымі ўладамі з розных прычынаў. Забаронена лятаць над многімі атамнымі абʼектамі — напрыклад, над АЭС Ловііса ў Фінляндыі ці ізраільскім ядзерным дасьледчым цэнтрам у Дымоне.

Забароненыя палёты (зь некаторымі выключэньнямі) над гарадамі Парыж, Масква і Будапэшт.
Сярод культурных абʼектаў, над якімі для самалётаў закрытае неба, — Тадж-Махал у Індыі, Парфэнон у Грэцыі, Мачу-Пікчу ў Пэру, плошча Цяньаньмэнь у Кітаі і паркі «Дыснэйлэнд» у ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG