Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беларусі высылаюць амбасадара Латвіі і дыпляматаў, Латвія адказала сымэтрычна


Мэр Рыгі Мартыньш Стакіс узьнімае на адной з плошчаў сталіцы Латвіі бел-чырвона-белы сьцяг. 24 траўня 2021
Мэр Рыгі Мартыньш Стакіс узьнімае на адной з плошчаў сталіцы Латвіі бел-чырвона-белы сьцяг. 24 траўня 2021

Надзвычайнаму і паўнамоцнаму амбасадару Латвіі ў Беларусі Эйнарсу Сэманісу запрапанавана на працягу сутак пакінуць Менск. Пра гэта паведаміў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей.

Гэты крок беларускіх уладаў быў рэакцыяй на сёньняшнія падзеі ў Рызе, дзе праходзіць чэмпіянат сьвету ў хакеі. Мэр гораду Мартыньш Стакіс замяніў на адной з плошчаў у цэнтры гораду — каля гатэлю, дзе жывуць дэлегацыі краін-удзельніц чэмпіянату, — чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы.

«Сьцяг, што сымбалізуе рэжым, які займаецца дзяржаўным тэрарызмам, недарэчны ў гарадзкім асяродзьдзі Рыгі», — сказаў мэр.

Макей назваў гэтыя дзеяньні гарадзкіх уладаў Рыгі «актам дзяржаўнага вандалізму» і паведаміў, што пакінуць Беларусь запрапанавана таксама ўсяму дыпляматычнаму і адміністрацыйна-тэхнічнаму складу амбасады. Ім далі на гэта 48 гадзін.

«Пакінуць тут аднаго адміністрацыйна-тэхнічнага супрацоўніка для дагляду за будынкам», — зазначыў Макей.

У адказ Латвія абвясьціла, што высылае з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў.

Беларусь і Латвія. Кароткая гісторыя стасункаў

  • Латвія прызнала незалежнасьць Беларусі 8 студзеня 1992 году, Беларусь прызнала незалежнасьць Латвіі 22 студзеня 1992 году.
  • Дыпляматычныя адносіны ўсталяваныя 7 красавіка 1992 году. Амбасада Латвіі ў Менску адкрылася ў 1993 годзе, амбасада Беларусі ў Рызе — у 1994 годзе.
  • З 1994 году дзейнічаюць консульствы: Беларусі — у Даўгаўпілсе, Латвіі — у Віцебску.
  • Беларуская этнічная меншасьць у Латвіі налічвае каля 70 тысячаў чалавек (3,3% насельніцтва). Беларусы складаюць другую (пасьля расейцаў) паводле колькасьці этнічную меншасьць Латвіі.
  • Дасьледаваньне «Ўдзел нацыянальных меншасьцяў у дэмакратычных працэсах у Латвіі» паказала, што паводле ўзроўню грамадзкай актыўнасьці беларуская грамада ўваходзіць у тройку найбольш значных у Латвіі, поруч з расейскай і габрэйскай.
  • Палітычныя кантакты паміж Менскам і Рыгай вызначаліся высокай інтэнсіўнасьцю. Кіраўнікі ўраду Беларусі за гады незалежнасьці 5 разоў наведвалі Латвію, латвійскія прэм’ер-міністры наведвалі Беларусь з 1994 году 6 разоў, апошні раз — летась.
  • У 2015–2019 гадах разьвівалася супраца паміж заканадаўчымі органамі дзьвюх краінаў. Дэлегацыі Нацыянальнага Сходу Беларусі неаднаразова наведвалі Латвію, дэлегацыі Саэймы Латвіі — Беларусь.
  • Таксама ўзаемадзейнічалі вайсковыя ведамствы дзьвюх краінаў. Міністар абароны Беларусі наведаў Рыгу ў 2016 годзе, яго латвійскі калега быў у Менску ў 2017 годзе. У 2018 годзе адбыўся візыт у Латвію начальніка Генштабу Беларусі, у 2019 годзе Беларусь наведаў камандуючы ўзброенымі сіламі Латвіі.
  • Неаднаразова сустракаліся і кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Латвіі, Уладзімер Макей і Эдгарс Рынкевічс заяўлялі, што яны сябры.
  • Латвія напрыканцы дзясятых гадоў неаднаразова на высокім узроўні запрашала Аляксандра Лукашэнку ў Латвію. Упершыню запрашэньне было перададзенае падчас візыту ў Менск у 2018 годзе тагачаснага прэм’ера Латвіі Марыса Кучынскіса. Потым запрашэньне неаднаразова пацьвярджалася.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і жорсткага здушэньня пратэстаў запрашэньне анулявалі.
  • У 2020–2021 гадах Латвія ўвяла забарону на ўезд у краіну для 118 службовых асобаў Беларусі. Рашэньне было прынятае ў каардынацыі з уладамі Эстоніі і Літвы.
  • У 2006 годзе супраць латвійскага дыплямата ў Менску была распачатая крымінальная справа аб распаўсюдзе парнаграфічнай прадукцыі. Беларускае тэлебачаньне тады паказала апэратыўную здымку аднаполых кантактаў латвійскага дыплямата зь беларускім юнаком. Тады амбасадар Латвіі быў адкліканы для кансультацыяў амаль на тры месяцы.
  • Беларускі МЗС у 2012 годзе выказаў абурэньне зьяўленьнем у цэнтры латвійскага гораду Баўскі помніка салдатам латыскай дывізіі СС, а ў 2013 годзе ўключыў разьдзел пра Латвію ў даклад «Парушэньні правоў чалавека ў асобных краінах сьвету»
  • Па выніках 2020 году Латвія заняла 16-е месца паводле таваразвароту і 13-е месца паводле экспарту сярод краінаў, зь якімі гандлюе Беларусь.
  • У 2020 годзе таваразварот з Латвіяй склаў 393,6 мільёна даляраў, экспарт Беларусі ў Латвію — 309,9 мільёна даляраў.
  • У Беларусі працуюць 322 прадпрыемствы з удзелам латвійскага капіталу.
  • 24 траўня 2021 году беларускія ўлады запатрабавалі, каб увесь пэрсанал латвійскай амбасады ў Менску пакінуў краіну. Нагодай для гэтага рашэньня стаў учынак мэра Рыгі, які падчас чэмпіянату сьвету па хакеі памяняў дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь на бел-чырвона-белы. Пры гэтым прысутнічаў міністар замежных справаў Латвіі.
  • У адказ Латвія абвясьціла, што высылае з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG