Украінскага дэпутата Яўгена Шаўчэнку, які ў красавіку сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, а цяпер падтрымаў дзеяньні беларускай улады ў затрыманьні журналіста Рамана Пратасевіча, выключылі з парлямэнцкай фракцыі «Слуга народу».
Дэпутат задаволена адрэагаваў на выключэньне з фракцыі, напісаўшы ў сваім тэлеграм-канале: «Нарэшце мяне выключылі з фракцыі „Слуга народу“. Мы пойдзем сваім шляхам. А гэтыя „сарасяты“ зьнішчаць краіну і прэзыдэнта канчаткова».
Яўген Шаўчэнка першым падтрымаў Аляксандра Лукашэнку на выбарах прэзыдэнта ў Беларусі і павіншаваў яго зь перамогай на наступны дзень, 10 жніўня. У сваім віншаваньні ён падзякаваў Лукашэнку за «душэўнае стаўленьне» да Ўкраіны.
Яшчэ празь 10 дзён пасьля выбараў, калі ў Беларусі адбыліся масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў, а супраць іхных удзельнікаў пачалі выкарыстоўваць сілу і спэцыяльныя сродкі, заклікаў беларусаў прабачыць «бацьку» ягоныя грахі і злачынствы.
У лютым 2021-га Яўген Шаўчэнка браў удзел ва «ўсебеларускім народным сходзе», а 20 красавіка прыехаў у Менск на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.
23 траўня, калі стала вядома аб пасадцы самалёта ў Менску, Яўген Шаўчэнка напісаў у сваім тэлеграм-канале: «У Менску затрымалі стваральнікаў NEXTA. Вось гэта дзяржаўнасьць!»