Ryanair заявіла, што атрымала ўказаньне пасадзіць самалёт у Менску ад беларускіх дыспэтчараў
Авіякампанія Ryanair атрымала наказ пасадзіць у Менску самалёт, які рухаўся з Атэнаў у Вільню, ад беларускіх дыспэтчараў. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў ірляндзкай авіякампаніі.
«Экіпаж рэйсу Ryanair, які рухаўся з Атэнаў у Вільню сёньня (23 траўня. — РС), быў папярэджаны дыспэтчарскай службай Беларусі аб патэнцыйнай пагрозе бясьпекі на борце і атрымаў інструкцыі перанакіраваць борт у бліжэйшы аэрапорт — Менск», — заявілі ў Ryanair, удакладніўшы, што пасьля ажыцьцёўленай уладамі Беларусі праверкі на борце «не было выяўлена нічога падазронага».
«Ryanair апавясьціла профільныя нацыянальныя эўрапейскія агенцтвы і службы бясьпекі і прыносіць шчырыя прабачэньні ўсім пасажырам за затрымку, якая адбылася зь незалежных ад Ryanair прычынаў», — адзначылі ў авіяперавозьніка.
У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі Sputnik Беларусь, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
Беларускія ўлады саджалі самалёт Ryanair з дапамогай зьнішчальніка і гелікоптэра
Падчас інцыдэнту беларускі бок таксама падняў гелікоптэр Мі-24. Пра гэта паведаміла DELFI са спасылкай на галоўнага дарадцу прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы Асту Скайсгірыце.
Паводле яе, Беларусь выкарыстала для пасадкі самалёта дзьве адзінкі вайсковай тэхнікі: зьнішчальнік МіГ-29 і гелікоптэр Мі-24.
Аста Скайсгірыце дадала, што спачатку паступала недакладная інфармацыя аб наяўнасьці выбухоўкі на самалёце. На яе думку, здарэньне вельмі падобнае на дзеяньні беларускага КДБ.
МЭС Вялікай Брытаніі папярэдзіла ўлады Беларусі аб «сур’ёзных наступствах»
Міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Домінік Рааб напісаў у Твітэры:
«Злучанае Каралеўства ўстрывожана паведамленьнямі аб арышце журналіста Nexta_tv Рамана Пратасевіча і акалічнасьцях, якія прывялі да таго, што самалёт, на борце якога ён ляцеў, быў вымушаны прызямліцца ў Менску. Мы каардынуем дзеяньні з нашымі саюзьнікамі. Гэты абсурдны ўчынак Лукашэнкі будзе мець сур’ёзныя наступствы».
Пасажыры чакалі вылету больш за 7 гадзін
У 20.17 тэлеграм-канал Менскага аэрапорту паведаміў, што борт Ryanair падрыхтаваны да вылету і пачаў рух на ўзьлётна-пасадачнай паласе.
Бацька Пратасевіча: У нас шок
Родныя блогера Рамана Пратасевіча ўзрушаныя ягоным затрыманьнем.
«У нас шок, усьведамленьне таго, што тое, што адбываецца, ня ўпісваецца ні ў якія рамкі лёгікі і разумных правілаў. Мы нават здагадвацца не маглі пра такі паварот падзеяў», — так пракамэнтаваў тэлеграм-каналу «TUT.BY Новости» затрыманьне блогера Рамана Пратасевіча ягоны бацька Зьміцер.
Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) моцна занепакоеная здарэньнем з самалётам Ryanair
Арганізацыя паведамляе ў Твітэры: «ICAO моцна занепакоеная відавочнай прымусовай пасадкай рэйсу Ryanair і яго пасажыраў, што магло б супярэчыць Чыкаскай канвэнцыі. Мы чакаем, што дадатковая інфармацыя будзе афіцыйна пацьверджана адпаведнымі краінамі і апэратарамі».
Пасьля 7 гадзін затрымкі самалёт Ryanair выляцеў зь Менску ў Вільню
Boeing 737-800 Ryanair вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Менск у Вільню, паведамілі ў Нацыянальным аэрапорце Менск.
Што вядома на гэты момант. Галоўнае
- Прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
- Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
- Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
- Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
- Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
- На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
- У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. У Літве заявілі, што гэтым рэйсам ляцелі амаль 170 пасажыраў з 12 краін, у тым ліку больш за 90 літоўскіх грамадзян.
- Сярод пасажыраў самалёту быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
- У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
- Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
- Кіраўнікі дзяржаваў Эўразьвязу абмяркуюць на саміце 24 траўня інцыдэнт у Менску і магчымыя санкцыі ў сувязі з гэтым.
- Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
- Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
Рэакцыя NATO: «Сур’ёзны і небясьпечны інцыдэнт»
У NATO перакананыя, што прымусовая пасадка самалёта Ryanair у Менску ёсьць «сур’ёзным і небясьпечным інцыдэнтам», які патрабуе міжнароднага расьсьледаваньня.
«Улады Беларусі павінны гарантаваць бясьпечнае вяртаньне экіпажу і ўсіх пасажыраў у Вільню», — сказаў прэс-сакратар NATO, якога цытуе Reuters.
«Мы ўважліва адсочваем прымусовую пасадку ў Беларусі самалёта Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, і паведамленьні пра затрыманьне апазыцыйнага дзеяча Рамана Пратасевіча», — дадаў прэс-сакратар NATO.
МЗС Нямеччыны: такі акт ня можа застацца без наступстваў
«Той факт, што самалёт, які лётае паміж дзьвюма дзяржавамі ЭЗ, прымусова пасаджаны пад маркай пагрозы бомбы, становіць сабой абуральнае ўмяшаньне ў авіязносіны. Мы вельмі занепакоеныя паведамленьнямі аб тым, што такім чынам быў арыштаваны журналіст Раман Пратасевіч», — заявіў міністар. — «Такі акт ня можа застацца без сур’ёзных наступстваў з боку Эўрапейскага Зьвязу. Мы застаемся ў шчыльным кантакце з партнэрамі ў ЭЗ. У кожным разе Беларусь мусіць неадкладна гарантаваць бясьпеку, недатыкальнасьць і свабоду ўсім пасажырам і вызваліць Рамана Пратасевіча», — лічыць Маас.
Старшыня АБСЭ заклікала да неадкладнага вызваленьня Пратасевіча
Ан Ліндэ, міністарка замежных справаў Швэцыі, якая цяпер старшынюе ў АБСЭ, заявіла ў Твітэры:
«Глыбока трывожныя паведамленьні аб тым, што ў Менску быў прымусова пасаджаны цывільны самалёт для арышту журналіста Рамана Пратасевіча. Цалкам недапушчальныя і безразважныя паводзіны. Беларусь мусіць неадкладна вызваліць Пратасевіча. Абмяркуем магчымыя наступствы з калегамі ў ЭЗ», — напісала яна ў Твітэры.
Офіс Ціханоўскай прапанаваў дапамогу бацькам Пратасевіча
Каманда Сьвятланы Ціханоўскай зьвязалася з бацькамі Рамана Пратасевіча і прапанавала дапамогу.
Апрача таго, офіс Ціханоўскай зьвязаўся з Ryanair, з урадамі Грэцыі, Ірляндыі. Ціханоўская заклікала Грэцыю, Ірляндыю, Літву і Польшчу ініцыяваць расьсьледаваньне інцыдэнту.
«Офіс накіраваў запыт у Міжнародную арганізацыю цывільнай авіяцыі, а таксама зьвязаўся з урадавымі арганізацыямі ЗША, Францыі і Нямеччыны, заклікаўшы іх ініцыяваць дэталёвае расьсьледаваньне, бо гэты інцыдэнт можна ацэньваць як акт дзяржаўнага тэрарызму. Міжнародныя партнэры, з якімі зьвязалася Ціханоўская, заявілі, што не дазволяць пакінуць беспакараным учынак рэжыму», — паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай.
Самалёт Ryanair прызямліўся ў Вільні
Ён спазьніўся на 8 з паловаю гадзін.
Сярод тых, хто сустракае пасажыраў на лётнішчы, — прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце.
Саміт ЭЗ 24 траўня абмяркуе магчымыя санкцыі ў сувязі з інцыдэнтам з пасадкай самалёта ў Мінску
Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў Эўразьвязу абмяркуюць на саміце 24 траўня інцыдэнт з прымусовай пасадкай у Менску самалёта кампаніі Ryanair і магчымыя санкцыі ў сувязі з гэтым. Пра гэта паведаміў у Твітэры прадстаўнік Эўразьвязу Барэнд Лейтс.
«Старшыня Эўрапейскай Рады заўтра паставіць пытаньне аб прымусовай пасадцы рэйсу Ryanair ў Менску. Наступствы і магчымыя санкцыі будуць абмяркоўвацца».
У Вільні праходзіць мітынг у падтрымку Пратасевіча
Генэральная пракуратура і паліцыя Літвы пачалі расьсьледаваньне ў сувязі з інцыдэнтам з самалётам Ryanair
Намесьнік генэральнага камісара Паліцыі Літвы Арунас Паўлаўскас паведаміў журналістам на лётнішчы ў Вільні, што літоўская паліцыя распачала ў сувязі з прымусовай пасадкай у Менску самалёта Ryanair два дасудовыя расьсьледаваньні: у сувязі з захопам самалёта і ў сувязі з прымусовай пасадкай.
У МУС Беларусі расказалі аб праверцы самалёта Ryanair
Праверка авіялайнэра ў Менску заняла больш за дзьве гадзіны, сказаў камандзір сапэрна-піратэхнічнай групы ўнутраных войскаў МУС Беларусі ў нядзелю ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1». Паводле ТАСС, ён размаўляў з журналістамі ў балаклаве і не раскрыў свайго імя.
«Дзьве — дзьве з паловай гадзіны пайшло на працу. Багаж [правяралі], бо ў багажы магло быць закладзена выбуховае прыстасаваньне. У салёне маглі быць пакінутыя рэчы з ручной паклажы, дзе таксама магло знаходзіцца выбуховае прыстасаваньне. Таму агледжаны візуальна цалкам самалёт унутры і звонку, багажны адсек».
Прэм’ер-міністарка Літвы: «Гэтая сытуацыя ня можа застацца без адказу»
Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце, гаворачы з журналістамі ў віленскім аэрапорце, заявіла:
«Мы ўжо добрыя паўдня працуем з усімі нашымі міжнароднымі партнэрамі, ёсьць юрыдычныя праблемы, якімі займаюцца нашы праваахоўныя органы. Бясспрэчна, гэтая сытуацыя ня можа застацца без адказу. І гэта не пытаньне Літвы, бо ў самалёце былі некалькі грамадзянаў іншых краін Эўразьвязу. Відавочна, што гэта міжнародная тэма», — падкрэсліла прэм’ер-міністарка.
Наўседа: Літва прапануе «вельмі сур’ёзныя» санкцыі ў дачыненьні да Беларусі
На прэс-канфэрэнцыі ў Вільні прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа абвясьціў, што будзе прапаноўваць Эўрапейскаму зьвязу ўвесьці жорсткія санкцыі ў дачыненьні да Беларусі і абмежаваць палёты авіякампаній гэтай краіны ў краіны ЭЗ і NATO.
Такія захады прапануюцца ў адказ на арышт беларускага журналіста Рамана Пратасевіча ў Менску. Наўседа ацаніў дзеяньні беларускага рэжыму як акт дзяржаўнага тэрарызму і выкраданьне чалавека з выкарыстаньнем вайсковай сілы.
Генэральная пракуратура Літвы расьсьледуе інцыдэнт з самалётам у Менску
У нядзелю генэральная пракуратура Літвы пачала дасудовае расьсьледаваньне захопу самалёта, які выконваў рэйс Атэны — Вільня.
«Пачата дасудовае расьсьледаваньне захопу самалёта і забароненага міжнародным правам абыходжаньня зь людзьмі», — паведаміла агенцтву BNS у нядзелю прадстаўніца пракуратуры Літвы Эляна Марцінанене.