Што вядома на гэты момант. Галоўнае
- Прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
- Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
- Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
- Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
- Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
- На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
- У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. У Літве заявілі, што гэтым рэйсам ляцелі амаль 170 пасажыраў з 12 краін, у тым ліку больш за 90 літоўскіх грамадзян.
- Сярод пасажыраў самалёту быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
- У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
- Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
- Кіраўнікі дзяржаваў Эўразьвязу абмяркуюць на саміце 24 траўня інцыдэнт у Менску і магчымыя санкцыі ў сувязі з гэтым.
- Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
- Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
Пасьля 7 гадзін затрымкі самалёт Ryanair выляцеў зь Менску ў Вільню
Boeing 737-800 Ryanair вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Менск у Вільню, паведамілі ў Нацыянальным аэрапорце Менск.
Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) моцна занепакоеная здарэньнем з самалётам Ryanair
Арганізацыя паведамляе ў Твітэры: «ICAO моцна занепакоеная відавочнай прымусовай пасадкай рэйсу Ryanair і яго пасажыраў, што магло б супярэчыць Чыкаскай канвэнцыі. Мы чакаем, што дадатковая інфармацыя будзе афіцыйна пацьверджана адпаведнымі краінамі і апэратарамі».
Бацька Пратасевіча: У нас шок
Родныя блогера Рамана Пратасевіча ўзрушаныя ягоным затрыманьнем.
«У нас шок, усьведамленьне таго, што тое, што адбываецца, ня ўпісваецца ні ў якія рамкі лёгікі і разумных правілаў. Мы нават здагадвацца не маглі пра такі паварот падзеяў», — так пракамэнтаваў тэлеграм-каналу «TUT.BY Новости» затрыманьне блогера Рамана Пратасевіча ягоны бацька Зьміцер.
Пасажыры чакалі вылету больш за 7 гадзін
У 20.17 тэлеграм-канал Менскага аэрапорту паведаміў, што борт Ryanair падрыхтаваны да вылету і пачаў рух на ўзьлётна-пасадачнай паласе.
МЭС Вялікай Брытаніі папярэдзіла ўлады Беларусі аб «сур’ёзных наступствах»
Міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Домінік Рааб напісаў у Твітэры:
«Злучанае Каралеўства ўстрывожана паведамленьнямі аб арышце журналіста Nexta_tv Рамана Пратасевіча і акалічнасьцях, якія прывялі да таго, што самалёт, на борце якога ён ляцеў, быў вымушаны прызямліцца ў Менску. Мы каардынуем дзеяньні з нашымі саюзьнікамі. Гэты абсурдны ўчынак Лукашэнкі будзе мець сур’ёзныя наступствы».
Беларускія ўлады саджалі самалёт Ryanair з дапамогай зьнішчальніка і гелікоптэра
Падчас інцыдэнту беларускі бок таксама падняў гелікоптэр Мі-24. Пра гэта паведаміла DELFI са спасылкай на галоўнага дарадцу прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы Асту Скайсгірыце.
Паводле яе, Беларусь выкарыстала для пасадкі самалёта дзьве адзінкі вайсковай тэхнікі: зьнішчальнік МіГ-29 і гелікоптэр Мі-24.
Аста Скайсгірыце дадала, што спачатку паступала недакладная інфармацыя аб наяўнасьці выбухоўкі на самалёце. На яе думку, здарэньне вельмі падобнае на дзеяньні беларускага КДБ.
Ryanair заявіла, што атрымала ўказаньне пасадзіць самалёт у Менску ад беларускіх дыспэтчараў
Авіякампанія Ryanair атрымала наказ пасадзіць у Менску самалёт, які рухаўся з Атэнаў у Вільню, ад беларускіх дыспэтчараў. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў ірляндзкай авіякампаніі.
«Экіпаж рэйсу Ryanair, які рухаўся з Атэнаў у Вільню сёньня (23 траўня. — РС), быў папярэджаны дыспэтчарскай службай Беларусі аб патэнцыйнай пагрозе бясьпекі на борце і атрымаў інструкцыі перанакіраваць борт у бліжэйшы аэрапорт — Менск», — заявілі ў Ryanair, удакладніўшы, што пасьля ажыцьцёўленай уладамі Беларусі праверкі на борце «не было выяўлена нічога падазронага».
«Ryanair апавясьціла профільныя нацыянальныя эўрапейскія агенцтвы і службы бясьпекі і прыносіць шчырыя прабачэньні ўсім пасажырам за затрымку, якая адбылася зь незалежных ад Ryanair прычынаў», — адзначылі ў авіяперавозьніка.
У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі Sputnik Беларусь, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».