«У нас шок, усьведамленьне таго, што тое, што адбываецца, ня ўпісваецца ні ў якія рамкі лёгікі і разумных правілаў. Мы нават здагадвацца не маглі пра такі паварот падзеяў», — так пракамэнтаваў тэлеграм-каналу «TUT.BY Новости» затрыманьне блогера Рамана Пратасевіча ягоны бацька Зьміцер.
Рамана Пратасевіча затрымалі пасьля аварыйнай пасадкі самалёта, які ляцеў з Атэнаў у Вільню.
Блізкія Рамана даведаліся аб затрыманьні сына з тэлеграм-каналаў. Бацькам было вядома, што Раман павінен быў ляцець з Атэнаў сёньня [23 траўня], але яны ня ведалі, якім рэйсам і куды менавіта ён прыляціць. А даведаўшыся з навін аб пазаплянавай пасадцы ў Менску самалёта з Атэнаў, западозрылі нядобрае.
«Калі даведаліся інфармацыю аб тым, што самалёт рэйсу Атэны — Вільня зрабіў пасадку ў Менску, у нас закралася падазрэньне, што нешта тут ня так. Мы падумалі, што гэтым рэйсам мог ляцець наш сын. Так і аказалася. Далей мы з телеграм-каналаў даведаліся, што яго затрымалі», — расказаў бацька Рамана.