Пра праблемы адвакатаў у працы з кліентамі
- У працы з Бабарыкам і Ціханоўскім мы адразу ж сутыкнуліся з парушэньнем права на бесьперашкодны доступ адваката да кліента. Потым сытуацыя больш-менш нармалізавалася.
- Парушалася канфідэнцыйнасьць, прынамсі падчас сустрэчаў зь Ціханоўскім. Гэта даказваецца тым, што па АНТ паказалі сюжэт, дзе ёсьць фрагмэнт канфідэнцыйнай размовы мяне і Ціханоўскага
- Агромністыя масівы крымінальных спраў у адносінах як да Бабарыкі, гэтак і да Ціханоўскага мы вывучалі, перапісваючы матэрыялы ад рукі. Фатаграфаваць матэрыялы не дазволілі, хоць неабходнасьць гэтага відавочная. Пры такіх абставінах мы кажам пра тое, што абмяжоўваюцца працэсуальныя магчымасьці абароны, то бок права на абарону і ўвесь прынцып спаборнасьці бакоў.
- Найбольшая прафэсійная праблема — на абгрунтаваныя скаргі і хадайніцтвы ў абарону кліентаў практычна заўсёды мы атрымліваем адмовы з боку сьледчых органаў і пракуратуры, прычым большасьць зь іх ня ўтрымлівае аргумэнтаў пра тое, чаму нашыя довады не прынятыя пад увагу.
Пра навіны ад Бабарыкі і Ціханоўскага
- Цяпер на працэсе над Бабарыкам агалошваюцца матэрыялы справы. Абвінавачаных і сьведак абвінавачаньня ўжо дапыталі, у суд выклікалі некалькі сьведак, хадайніцтва пра допыт якіх заявіла абарона.
- Мы заявілі хадайніцтва пра зьмяненьне меры стрыманьня для Бабарыкі, бо асноўныя доказы абвінавачваньне ўжо прадставіла, і ўжо няма такой падставы, што наш кліент можа неяк перашкодзіць расьсьледаваньню ці збору доказаў. Але нам зноў адмовілі.
- Справа Ціханоўскага знаходзіцца ў Гомельскім абласным судзе, дата слуханьня яшчэ не прызначаная. Самога Ціханоўскага з Жодзінскага СІЗА этапавалі на месца разгляду крымінальнай справы.
Пра тое, чым небясьпечныя зьмены ў закон аб адвакатуры
- Ранейшы закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці ўжо ўтрымліваў праблемы, якія крытыкаваліся міжнароднымі прафэсійнымі асацыяцыямі і міжнароднымі арганізацыямі. Міністэрства юстыцыі ўжо магло рознымі спосабамі кантраляваць адвакатаў.
- У новай рэдакцыі гэты кантроль яшчэ больш узмацніўся. Міністэрства юстыцыі павялічвае паўнамоцтвы ў фармаваньні органаў адвакацкага самакіраваньня і ў атэстацыі адвакатаў. Усё гэта не адпавядае міжнародным стандартам дзейнасьці адвакатуры, у тым ліку асноўным прынцыпам ААН датычна ролі юрыстаў, якія кажуць, што прафэсійныя асацыяцыі адвакатаў павінны быць незалежныя ад дзяржавы.
Пра рэформы, які варта было б правесьці
- Адвакатура мела б дзейнічаць цалкам самастойна — фармаваць свой склад, прымаць правілы прафэсійнай этыкі, кантраляваць іх. У пераважнай большасьці адвакатур у іншых дзяржавах гэта так і працуе.
- Няма нічога страшнага ў тым, а наадварот, гэта адпавядала б міжнародным стандартам, калі б адвакатура працавала без кантролю дзяржавы, — грамадзяне тады б мелі давер і магчымасьць карыстацца паслугамі сапраўды незалежных юрыстаў. Грамадзянін павінен разумець, што адвакат не баіцца за сябе, не знаходзіцца пад нечым кантролем і працуе толькі на карысьць свайго кліента.
- Чалавек, якога перасьледуюць па адміністрацыйнай ці крымінальнай справе, знаходзіцца ў спрэчцы зь дзяржавай — так працуе сыстэма. Побач зь ім у такой сытуацыі павінен быць адвакат, які ад гэтай дзяржавы не залежыць. Толькі тады дапамога будзе эфэктыўная.
- Уся прававая сыстэма вымагае рэформаў. Цяжка сабе ўявіць, што адвакатура будзе працаваць незалежна ў цяперашняй сыстэме. Дзяржава даўно ўжо атрымала міжнародныя рэкамэндацыі — у прыватнасьці, ад Камітэту па правах чалавека ААН, — што фармаваньне судзейскага корпусу таксама павінна быць незалежным ад выканаўчай галіны ўлады.