У многіх ужо скончыліся 72 гадзіны з моманту затрыманьня. Але іх не адпусьцілі. На Акрэсьціна Tut.by паведамілі, што як мінімум траіх затрыманых пераводзяць у СІЗА ў Жодзіна. Гэта:
- галоўны рэдактар Марына Золатава
- рэдактар Вольга Лойка
- журналіст Алена Талкачова
Перавод у СІЗА азначае, што яны зьяўляюцца падазраванымі. Мяркуючы па агучанай раней інфармацыі, — па крымінальнай справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў (ч.2 арт.243 КК Беларусі).
Мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту абіраецца адразу на 2 месяцы, але на працягу 10 сутак ад моманту затрыманьня падазраванаму павінна быць прад’яўлена абвінавачаньне. Калі яно не прадʼяўлена, мера стрыманьня адмяняецца, гэта значыць, тутбаеўцаў могуць адпусьціць з-пад варты і праз 10 дзён.
Сьледчыя дзеяньні з затрыманымі пачаліся раніцай 18 траўня, пад варту іх узялі ўвечары. Чакаецца, што да канца сёньняшняга дня прававы статус супрацоўнікаў Tut.by і афіліяваных кампаній будзе вызначаны.
Сьпіс затрыманых:
На 21 траўня затрыманыя 15 чалавек:
- галоўная рэдактарка Марына Золатава
- рэдактарка Вольга Лойка
- журналістка Алена Талкачова
- генэральны дырэктар Людміла Чэкіна
- галоўная бухгальтарка Анжэла Асад
- намесьніца дырэктара Ірына Рыбалка
- галоўны інжынэр Ала Лапатка
- юрыстка Кацярына Ткачэнка
- намесьніца галоўнага бухгальтара Марыя Новік
- намесьнік генэральнага дырэктара ў тэхнічных пытаньнях Аляксандар Дайнека
- мэнэджар Андрэй Аўдзееў
- генэральны дырэктар зьвязанай з Tut.by плятформы Hoster.by Сяргей Павалішаў
- дырэктарка RocketData Дар'я Данілава
- былая юрыстка кампаніі Ірына Касьцючэнка
- удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская (пад хатнім арыштам).
Юлія Чарняўская не зьяўляецца ўласьніцай Tut.by, найбольшы пакет акцый кампаніі мае яе дачка Яўгенія.