Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка Юліі Чарняўскай лічыць, што яе маці ўлады ўтрымліваюць як закладніцу


Юлія Чарняўская
Юлія Чарняўская

Дачка заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера Яўгенія паведаміла, што па-ранейшаму ня мае інфармацыі пра тое, дзе знаходзіцца яе маці, вядомая культуроляг Юлія Чарняўская.

У Яўгеніі Чарняўскай ёсьць здагадка, што маці знаходзіцца ў СІЗА КДБ, піша яна ў Фэйсбуку, але адвакатцы адмовіліся даць канкрэтную інфармацыю. Усе, хто бачыў Юлію Чарняўскую ў апошнія суткі, на сувязь не выходзяць.

«Відавочна, нешта падпісалі і ня маюць права даваць ніякіх дэталяў, і вельмі запалоханыя, бо акрамя „мама ў парадку“, ніякай інфармацыі мне ці бабулі не паступала».

Таксама дачка ня ведае, дзе маці правяла ноч, у якім стане яе здароўе цяпер. Юлія Чарняўская — інвалід, апошнія 10 гадоў пакутуе на моцны боль у хрыбетніку і нагах.

«Большую частку дня яна праводзіць лежачы ў ложку, працуе таксама лежачы за ноўтбукам, бо сядзець і хадзіць ёй вельмі балюча. Таксама ў яе сур’ёзныя праблемы з сэрцам, і па сьведчаньнях відавочцаў, учора яна перанесла гіпэртанічны крыз, пасьля чаго была дастаўлена ў лякарню пад канвоем, і пад канвоем жа была выпісана».

Таксама Яўгенія Чарняўская падкрэсьлівае, што ў яе маці няма ніякай інфармацыі аб дзейнасьці Tut.by, не зьяўляецца яго акцыянэрам, ня ў курсе ўнутраных працэсаў, і ўжо дакладна нічога ня ведае аб фармальнай прэтэнзіі, якую выкарыстала пракуратура, «каб зладзіць маскі-шоу у „Тут Бай мэдыя“ — „Выкарыстаньне ПВТ для ўхіленьня ад падаткаў“».

Для дачкі відавочна, што яе маці выкарыстоўваюць сілавыя органы, каб ціснуць на Tut.by. Акрамя таго, апошнія месяцы быў ціск на акцыянэраў парталу і сям’ю памерлага год таму заснавальніка Зісера з мэтай атрыманьня кантролю над дзейнасьцю Tut.by. Дачка згадала «дзіўныя паведамленьні з розных каналаў сувязі» ёй і яе калегам.

«Сёньня маму ўтрымліваюць як закладніцу, запалохваюць яе і аказваюць ціск. Ладзяць інфармацыйную блякаду, каб дэзарыентаваць, прымусіць адчуваць сябе разгубленай і не пускаюць да яе адваката», — дадала Яўгенія Чарняўская.

Раніцай 18 траўня да некалькіх рэдактараў Tut.by дадому прыйшлі сілавікі. Камітэт Дзяржкантролю паведаміў, што ў адносінах да службовых асоб ААТ «Тут Бай мэдыя» пачата крымінальная справа паводле ч.2 арт.243 КК (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Нібыта з 2019 году, калі ААТ стала рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгіяў, была атрымана выручка, «не абумоўленая дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў ПВТ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG