Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба тэрмінова накрываць часовым дахам». Што адбываецца ў Будслаўскім касьцёле, які пацярпеў ад пажару


Будслаўскі касьцёл да пажару, архіўнае фота
Будслаўскі касьцёл да пажару, архіўнае фота

Праз тыдзень пасьля пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай спэцыялісты прыступілі да ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сытуацыі.

«Калі будслаўскі касьцёл застанецца пад дажджом, як было ў выпадку з Нясьвіскім замкам, усё будзе дрэнна. Яго трэба тэрмінова накрываць. Цяпер ідзе размова пра часовы дах», — падкрэсьліў на інтэрнэт-старонцы санктуарыя дырэктар прадпрыемства «Будрэканструкцыя» Генадзь Малашук у размове з Арцёмам Ткачуком, валянтэрам мэдыйнай групы пры архідыяцэзіяльнай камісіі ў справе аднаўленьня сьвятыні.

Паводле адмыслоўца, у Беларусі будзе праблематычна знайсьці неабходныя матэрыялы для канструкцый даху касьцёлу. Можна замаўляць архангельскі ці сыбірскі лес, але надзвычай дарагое транспартаваньне.

«Мы агледзелі ўсе канструкцыі яшчэ на мінулым тыдні. Трэба было вызначыцца адносна пагрозы абрушэньня. Скляпеньні ў парадку, аднак на купал падымацца нельга. Да канца траўня дадзім папярэдняе заключэньне па ацэнцы агнявога ўзьдзеяньня і рэкамендацыі. Потым праектантам спатрэбяцца 3–4 месяцы на падрыхтоўку дакумэнтацыі. Як бачыце, усё будзе гатова пад восень, а там — дажджы, маразы», — сказаў Генадзь Малашук.

Паводле экспэрта, ужо ёсьць прапанова, як зрабіць часовы дах зь мінімальнымі выдаткамі і найхутчэй па часе, бо сёлетняя вясна дастаткова халодная і дажджлівая, ня выключана, што адзначыцца непрыемнымі сюрпрызамі і лета.

Таксама вызначаецца навуковы кіраўнік усіх працаў. Хутчэй за ўсё, гэта будзе Андрэй Карпук.

«Увогуле, у будслаўскага храму ёсьць свае праблемы, як у любога старога чалавека. Мноства „хваробаў“, якія ўжо даўно і ніяк ня лечацца. Напрыклад, за тры тыдні да пажару ксёндз Дзьмітры Дубовік зьвяртаўся да нас наконт дасьледаваньня правага нефа. Расколіны там зафіксаваныя яшчэ 30 гадоў таму», — паведаміў Генадзь Малашчук.

Паводле тэлеграм-каналу «Адновім Будслаў разам!», на пашкоджаны пажарам храм неабыякавыя грамадзяне ўжо сабралі больш за 400 тысяч рублёў. Зрэшты, сродкаў патрабуецца шмат больш. Пра матэрыяльную дапамогу з боку дзяржавы на гэты момант невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG