Але на выходных ягоныя родныя даведаліся, што ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Увосень Дзьмітры Грышчанка запісаў зварот з нагоды палітычнай сытуацыі ў краіне і гвалту з боку міліцыі.
Мінулай восеньню Грышчанку затрымлівалі за ўдзел у акцыі пратэсту, але абышлося штрафам.
Яўген, сябар Дзьмітрыя, расказаў Свабодзе, што яны сустракаліся ў пятніцу вечарам, каля 18:30. А пасьля 20-й гадзіны Дзьмітры перастаў выходзіць на сувязь.
«На пазамінулым тыдні прайшлі ператрусы ў супрацоўнікаў „Беларуснафты“. Дзьмітры расказваў, што вобшукі былі ў 10-15 чалавек, чатыры зь іх апынуліся за кратамі. Трое — у адміністрацыйнай справе, а адзін, імаверна, у крымінальнай. Ператрус прайшоў і ў Дзьмітрыя. Міліцыянты патлумачылі, што ён у верасьні недзе пакінуў камэнтар у Telegram . На гэтай падставе ў яго забралі тэлефоны і тэхніку. У пятніцу Дзьмітры мне казаў, што, мабыць, міліцыянты атрымалі доступ праз канфіскаваную тэхніку да ўнутраных працоўных чатаў, дзе, апроч працы, абмяркоўвалі сытуацыю ў краіне. Хтосьці мог там нешта такое напісаць», — удакладніў Яўген.
Дзьмітры вырашыў зьехаць з краіны і купіў квіток на самалёт у Кіеў на нядзелю. Але вылецець не пасьпеў. Які ягоны статус, цяпер невядома.
«Ці яны распачалі на яго крымінальную справу, ці раззлаваліся, што ён спрабаваў зьехаць, і таму затрымалі», — дадаў жыхар Гомля Яўген.