Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эстоніі пачаліся вучэньні NATO. Якія яшчэ вучэньні альянсу ў Эўропе непакояць афіцыйны Менск


Маракі арміі ЗША падчас вучэньняў Defender-Europe 21 ля берагоў Альбаніі
Маракі арміі ЗША падчас вучэньняў Defender-Europe 21 ля берагоў Альбаніі

Трохтыднёвыя манэўры «Вясновы шторм» пройдуць з 17 траўня па 5 чэрвеня ў Эстоніі з удзелам вайскоўцаў з баявой групы NATO.

Як чакаецца, у манэўрах будзе задзейнічана каля 7000 вайскоўцаў Эстоніі, ЗША, Латвіі, Польшчы, Італіі, Францыі, Даніі і Вялікай Брытаніі, баявой групы NATO, а таксама некалькі соцень адзінак тэхнікі. Будуць правярацца ўзаемадзеяньне розных узроўняў камандаваньня і гатоўнасьць частак да выкананьня баявых задач.

У траўні і чэрвені краіны NATO і іх партнэры праводзяць у Эўропе цэлы шэраг вайсковых вучэньняў. Прадстаўнік Генштабу Беларусі Ігар Кароль выказаў меркаваньне, што падчас вучэньняў «адпрацоўваюцца варыянты нанясеньня ўдараў як па Рэспубліцы Беларусь, так і па Расейскай Фэдэрацыі».

Ніводнае зь сёлетніх вучэньняў NATO не адбываецца ля мяжы зь Беларусьсю.

Якія яшчэ вучэньні праходзяць у Эўропе

  • Амэрыканскія вучэньні Defender-Europe 21

Манэўры Defender-Europe («Абаронца Эўропы») праходзяць штогод. Арганізоўваюць іх амэрыканскія сухапутныя войскі, а ўдзел бяруць і іншыя краіны — як чальцы NATO, так і дзяржавы-партнэры. Сёлета да вучэньняў, акрамя ЗША, далучыліся 25 краін. Большасьць — эўрапейскія сябры альянсу, а таксама Канада, Украіна, Грузія, Малдова і ўсе краіны Заходніх Балканаў, акрамя Сэрбіі. Defender-Europe 21 пройдуць на тэрыторыі 16 краін. Ні Ўкраіны, ні Грузіі сярод іх няма.

Паводле намесьніка начальніка штабу Вярхоўнага галоўнакамандаваньня сіламі NATO ў Эўропе генэрал-лейтэнанта Брыса Удэ, адначасова ў Defender-Europe 21 будуць задзейнічаныя максымум дзевяць тысяч салдат.

У NATO і Пэнтагоне падкрэсьліваюць абарончы характар усіх вучэньняў Defender. «Гэта тое, што салдаты робяць. Яны трэнуюцца. Мы мусім трэнавацца. Калі мы не трэнуемся, то мы не гатовыя», — кажа генэрал Брыс Удэ.

Вучэньні Defender-Europe 21 найперш сканцэнтраваныя на Балканах і рэгіёне Чорнага мора. Іх асноўная мэта — «падтрыманьне і ўзмацненьне апэратыўнай сумяшчальнасьці паміж войскамі ЗША і іншых краін NATO, а таксама іх партнэраў».

  • Swift Response

Defender-Europe 21 ахоплівае і шэраг зьвязаных зь імі вучэньняў. Удзельнікі Swift Response («Хуткі адказ»), каля сямі тысяч салдат і афіцэраў, засяродзяцца на трэнінгах паветранага дэсанту ў Эстоніі, Баўгарыі і Румыніі.

  • Immediate Response

Манэўры Immediate Response («Імгненны адказ»), у якіх задзейнічаныя пяць тысяч вайскоўцаў, стартавалі 15 траўня. Падчас іх пройдуць стрэльбы, а таксама высадка з транспартных караблёў на бераг.

  • Steadfast Defender

Паралельна NATO правядзе свае вучэньні Steadfast Defender 2021 («Непахісны абаронца»). Праходзяць у Атлянтычным акіяне, у нямецкім Ульме і ў рэгіёне Чорнага мора, у Румыніі.

  • Capable Deployer 2021

Вучэньні па апэратыўнай сумяшчальнасьці сіл саюзьнікаў, Румынія, 2-23 траўня.

  • Wind Spring 21

Падтрыманьне апэратыўнага патэнцыялу плянаваньня, 2-27 траўня, Румынія.

Чаму колькасьць вайскоўцаў — важны паказьнік

  • Венскі дакумэнт 2011 году аб мерах умацаваньня даверу і бясьпекі вызначае абмежаваньні: калі ў вайсковай дзейнасьці «ў любы час» занятыя сама меней дзевяць тысяч чалавек, то пра гэта неабходна апавяшчаць іншыя дзяржавы – удзельніцы пагадненьня. Калі ж перавышаецца парог у 13 тысяч вайскоўцаў, то на вучэньні неабходна запрасіць замежных назіральнікаў.
  • Паводле дадзеных Вашынгтону, Брусэлю і Кіева, Расея ў красавіку сканцэнтравала ля межаў з Украінай і ў анэксаваным Крыме звыш 100 тысяч вайскоўцаў. Масква адмовілася ўдзельнічаць у пасяджэньні АБСЭ, якое 10 красавіка склікала Ўкраіна для таго, каб Расея дала інфармацыю аб сваёй вайсковай дзейнасьці. Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу назваў праверку баявой гатоўнасьці адным з захадаў у адказ на «вайсковую дзейнасьць NATO».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG