Сьцісла:
- Нафта і газ выкарыстоўваюцца Крамлём як геапалітычная зброя
- На фоне дыпляматычнай вайны экспарт Беларусі ў краіны Эўразьвязу павялічыўся на 70 працэнтаў
- Што тычыцца развалу і дэфолту — то пра гэта казалі некаторыя людзі, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі
- У пэрспэктыве трох-пяці гадоў краіна становіцца неспрыяльнай для вядзеньня бізнэсу і адкрыцьця новых прадпрыемстваў.
— Даволі нечаканымі для многіх сталі апошнія эканамічныя дадзеныя, паводле якіх у Беларусі апошнія месяцы назіраецца даволі істотны рост экспарту. Няўжо зноў незалежныя эканамісты дарма прагназавалі беларускай эканоміцы стагнацыю і развал?
— Тыя 25 працэнтаў росту экспарту ў параўнаньні зь мінулым годам тлумачацца найперш тым, што ў першым квартале 2020 году былі праблемы з пастаўкамі нафтапрадуктаў у Беларусь, было істотнае падзеньне ў нафтаперапрацоўцы. А сёньня бачым высокія цэны на сусьветных рынках на нафту, на прадукцыю дрэваапрацоўкі, хімічныя тавары, мэталы, прадукты харчаваньня. Сусьветная эканоміка імкліва расьце, тэмпамі пад 6 працэнтаў, але беларуская эканоміка расьце 0,9 працэнта.
У пэўным сэнсе Беларусі зноў пашанцавала, але гэта тая ўдача, якая можа быць, а можа і ня быць. І нават гэты рост не пераканаў Банк Разьвіцьця, які пры ацэнцы крэдытных рызыкаў даў прагноз Беларусі на 2021 год мінус 0,9 ВУП. Так што падставаў для аптымізму пакуль няма.
— Калі казаць пра нафтавую тэму — як вы ацэніце інфармацыю, нібыта расейскія пастаўшчыкі баяцца прадаваць нафту на беларускі завод «Нафтан», бо не жадаюць падпасьці пад амэрыканскія санкцыі? Адны вераць у гэтыя тлумачэньні, у той час як іншыя заяўляюць, што пад маркай амэрыканскіх санкцыяў Расея проста ажыцьцяўляе эканамічны ціск на Беларусь.
— Да тае пары, пакуль ня будзе выказанага афіцыйнага пункту гледжаньня Крамля — можна казаць, што расейскія кампаніі такім чынам ціснуць на Беларусь. Яны выкарыстоўваюць момант, каб паспрабаваць узяць пад кантроль адзін з нафтаперапрацоўчых беларускіх заводаў. Ужо ціск у пэўным сэнсе атрымаўся, бо беларускія нафтапрадукты ідуць цяпер праз расейскія парты, што дае працу і заробак расейскім кампаніям.
Пакуль няма падставаў казаць, што нашыя заводы застануцца бяз нафты. Яны застануцца без расейскай нафты толькі тады, калі на гэта будзе палітычнае рашэньне Крамля. Але відавочна, што нафта і газ выкарыстоўваюцца Крамлём як геапалітычная зброя.
— Калі ў цэлым гаварыць пра санкцыі, наколькі чацьвёрты пакет санкцыяў Эўразьвязу можа паўплываць на эканамічную сытуацыю ў Беларусі?
— Пакуль гэтыя санкцыі больш дэкляратыўныя, псыхалягічныя і палітычныя. Мы бачым, што на фоне дыпляматычнай вайны экспарт Беларусі ў краіны Эўразьвязу павялічыўся на 70 працэнтаў. Нямеччына і іншыя краіны Эўропы не зьбіраюцца адмаўляцца ад схемаў, якія прыносяць ім прыбытак.
Тое самае мы бачым у дачыненьні да Расеі, калі на фоне атручваньня і зьняволеньня Навальнага, выкрытых выбухаў у Чэхіі — нават на фоне гэтага эўрапейскія палітыкі кажуць, што сварыцца з Расеяй ня трэба. І бізнэс можа ісьці не празь беларускія кампаніі, а праз кампаніі-пракладкі, якіх шмат і ў беларускіх, і ў расейскіх нафтавых баронаў.
— Галоўная праблема беларускай эканомікі — цяжкі стан беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Улады імкнуцца «размазаць» гэтыя праблемы на іншыя сфэры, на банкі, на бюджэт.
— Каб нешта пазытыўнае зрабіць, то трэба адмяніць рэжым абнуленьня права, вярнуцца да цывілізаваных палітычных і эканамічных інстытуцыяў, бо сёньня ніхто ня верыць беларускім судам, беларускаму правасудзьдзю, у тым ліку эканамічнаму.
У апошнім дакладзе Сусьветнага Банку праблема дзяржаўных прадпрыемстваў яшчэ раз была асабліва падкрэсьлена. Нацбанк Беларусі ацэньвае долю праблемных крэдытаў, выдадзеных дзяржаўным прадпрыемствам, у 14 працэнтаў ВУП, гэта 9 мільярдаў даляраў. Беларускія ўлады зноў пагналіся за валавымі паказчыкамі, замест таго каб выкарыстоўваць спрыяльныя магчымасьці, а не губляць час.
— Дзяржаўны бюджэт сёлета ўпершыню за апошнія гады заплянаваны з дэфіцытам. Які сфэры найбольш пацярпяць ад скарачэньняў, ад рэжыму эканоміі?
— Мільярды даляраў можна было б «знайсьці», не аддаючы іх чырвоным дырэктарам. Тыя інвэстыцыйныя праграмы, якія мы бачым, нічога не даюць, акрамя мёртвага капіталу і даўгоў. У год на гэта ідзе 5–7 працэнтаў ВУП. Калі ж улады будуць зноў эканоміць на бюджэтніках, на інфраструктуры (колькі разоў ужо рвуцца трубы, і нават у Менску раёны застаюцца без вады) — то гэта будзе за кошт людзей, за кошт росту даўгоў.
На 1 траўня Нацбанк паказаў, што ён нават зьменшыў памеры наяўных грошай у абароце. Гэта вельмі жорсткая і адэкватная манэтарная палітыка, але зь ёй катэгарычна не пагаджаюцца аграрнае і прамысловае лобі. Калі яны перамогуць, калі дакажуць уладам, што трэба друкаваць новыя грошы, то тады гэтая няўстойлівая раўнавага парушыцца, і мы атрымаем сытуацыю 2015–16 гадоў.
Так што ўсё залежыць ад таго, ці вытрымае ціск Нацыянальны банк. Пакуль ён праводзіць адказную палітыку, што і дазваляе нам гаварыць пра пэўную стабілізацыю на фоне росту экспарту.
— Многія апанэнты ўлады спадзяваліся на тое, што радыкальныя праблемы ў эканоміцы могуць падштурхнуць людзей да пратэстаў. Але выглядае, што беларуская эканоміка ў найбліжэйшы час не зьбіраецца развальвацца ці стагнаваць, а вяртаецца да росту?
— Стагнацыю ніхто не выключае, менавіта ў гэтым пункце мы цяпер і знаходзімся. Нават калі ўдасца вырасьці на 0,9 пункта за год, гэта, па сутнасьці, і ёсьць стагнацыя.
Але што тычыцца развалу і дэфолту — то пра гэта казалі некаторыя людзі, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Гэта былі больш палітычныя заявы, магчыма, гэта тое, што яны хацелі б бачыць. Нашыя прагнозы, я гэта казаў напрыканцы мінулага году, — тое, што рэзэрваў беларускай эканомікі хопіць нават пры сцэнары, калі грашовая маса павялічыцца на 20–25 працэнтаў. Але мы бачым, што грашовая маса нават зьменшылася.
Нацбанк хоча рабіць усё магчымае, каб інфляцыя не перавысіла 10 працэнтаў. Але я думаю, што яна значна большая.
Няма падставаў думаць, што ў Беларусі будзе дэфолт. Але тое, што ў Беларусі будзе пагаршэньне ў другой палове гэтага году, — гэта відавочна. Тым больш што мы ня ведаем, якая будзе каньюнктура рынку (цяпер яна надзвычай спрыяльная) і як адаб’юцца на эканоміцы рэальныя санкцыі, якія могуць стаць сэктаральнымі.
— Які доўгатэрміновы ўплыў на беларускую эканоміку аказваюць тыя працэсы, калі з краіны зьяжджаюць ІT-шнікі, дактары, прадпрымальнікі?
— Тая бязглузьдзіца, якая тут робіцца, тыя законы, якія прымаюцца, тое, што людзі зьяжджаюць — вядзе да таго, што ў пэрспэктыве трох-пяці гадоў краіна становіцца неспрыяльнай для вядзеньня бізнэсу і адкрыцьця новых прадпрыемстваў. Гэта краіна, якую, наўмысна ці не, рыхтуюць да таго, каб сілавыя кланы Беларусі і іх партнэраў з Расеі захапілі актывы і ўсталявалі поўны кантроль над эканомікай.
У Прыднястроўі, Малдове гадамі панавалі рэжымы, якія былі пад пятой мільярдэраў і моцных намэнклятурных карупцыйных кланаў. А людзі атрымлівалі 150–200 даляраў у месяц. Замест таго каб ісьці ў Эўропу, да дабрабыту, Беларусь, калі не адбудзецца перамогі сілаў, якія выступаюць за дэмакратыю, вольны рынак, — атрымае малдавізацыю. Малдавізацыю менавіта тых часоў, часоў алігархаў, карупцыі і беднасьці