Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шмат вольнага часу і можна не баяцца задаваць пытаньні». Гісторыі студэнтаў, якія пакінулі Беларусь і вучацца ў ЭГУ


Беларуска-літоўская мяжа
Беларуска-літоўская мяжа

Беларускія студэнты, якія пакінулі Беларусь з палітычных прычынаў, расказалі, калі ў іх пачаліся праблемы на радзіме, як яны атрымалі дапамогу ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце і як цяпер пачуваюцца ў іншай краіне. Спыталіся ў прадстаўніка ЭГУ пра падтрымку беларусаў і адрозьненьні навучаньня ў Літве.

«Да „чорнага чацьвярга“ я не плянавала пакідаць краіну»

Маргарыта Шыша
Маргарыта Шыша

Маргарыта Шыша — былая студэнтка чацьвёртага курсу Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. У Беларусі вывучала дызайн касьцюма і тканін.

«Праблемы пачаліся яшчэ ў жніўні, пасьля сустрэч стачкаму з рэктаркай Кітуркай і старшынёй аблвыканкаму Каранікам. Бацькам пачалі тэлефанаваць і запрашаць на сустрэчы. Далей былі арганізацыя акцый, сустрэчы з хлопцамі і дзяўчатамі зь іншых ВНУ Горадні і Менску. Пасьля акцый адбываліся „нарады прафіляктыкі“, на якія нас забірала дэкан з заняткаў», — апавядае Маргарыта Шыша.

Дзяўчына кажа, што да апошняга моманту ня ведала, што яе адлічаць.

«Пра гэта гаварылі ўсім маім знаёмым, але ўсе спадзяваліся, што гэта жарт дэкана. Калі ж мяне адлічылі, дэкан нават не прыйшла, каб прынесьці мне загад. Было крыўдна, але гэта не магло мяне зламаць. У той жа дзень, 28 кастрычніка, я была ў „ГроднаЛайф“ і давала вялікае інтэрвію. Пасьля я прыехала дадому і ўбачыла паведамленьне ад прадстаўніка ЭГУ з пытаньнем пра мае далейшыя пляны і запрашэньнем ва ўнівэрсытэт».

Дзяўчына сабрала дакумэнты і праз тыдзень атрымала адказ з загадам аб залічэньні ў ЭГУ.

«Вучыцца я пачала ў першай палове лістапада, дакладна ня памятаю, калі. Навучаньне праходзіць дыстанцыйна і да „чорнага чацьвярга“ (12 лістапада, калі 11 студэнтаў і выкладчыцу забралі проста зь іхных кватэр. — РС) я не плянавала пакідаць краіну, але пасьля была вымушаная ўцячы, 21 сьнежня. Страшна не было, але гэта было падобна на начны жах, які вось-вось скончыцца. Цяпер адчуваю сябе лепш, завяла некалькі новых знаёмых».

Маргарыта атрымала грант ад ЭГУ на бясплатнае навучаньне да канца гэтага году. Калі ўнівэрсытэт і далей падтрымаюць спонсары, то і грант адпаведна працягнецца, кажа дзяўчына.

«Як будзе далей, ня ведаю, і пакуль мяне гэта вельмі моцна трывожыць. Таксама складана, што даводзіцца плаціць за месца ў інтэрнаце, бо 75 эўра штомесяц — гэта даволі шмат для мяне».

Ёсьць і адрозьненьні ў навучаньні.

«Па-першае, вельмі шмат вольнага часу, мала дысцыплін: у мяне іх усяго шэсьць на адзін сэмэстар, а ў мінулым унівэры было ўдвая болей. Па-другое, у ЭГУ адна-дзьве пары на дзень, у ГрДУ чатыры-пяць. Па-трэцяе, калі патрэбна штосьці зрабіць, можна не баяцца задаваць пытаньні».

На пытаньне, што варта зьмяніць у беларускай сыстэме адукацыі, дзяўчына адказвае так:

«Трэба зьмяніць сыстэму на такую, дзе паважаюць вольны час як студэнтаў, так і выкладчыкаў».

Маргарыта плянуе скончыць навучаньне і вярнуцца дадому. А студэнтам, якія апынуліся ў цяжкай сытуацыі, дзяўчына раіць не баяцца прасіць дапамогі і размаўляць з журналістамі.

«Тут вітаецца незалежная думка і яе свабоднае выказваньне»

Канстанцін Лаўрыновіч
Канстанцін Лаўрыновіч

Канстанцiн Лаўрыновiч раней вучыўся ў БДМУ.

«Пэўныя складанасьці пачаліся лiтаральна з пачатку навучальнага году, калі паўдзельнічаў y акцыі на першым тыдні каля сьценаў маёй альма-матэр, за што мяне выклікалі да рэктара на наступны дзень», — кажа Канстанцін.

Хлопца паставілі перад фактам адлічэньня пасьля агульнанацыянальнага страйку ў кастрычніку.

«Я быў маральна падрыхтаваны да такога, улічваючы, як разьвіваліся падзеі. Разумеў, пры якім палітычным рэжыме я жыву. Пазьней я ўбачыў у навінах, што ЭГУ прапануе дапамогу рэпрэсаваным студэнтам, і зьвярнуўся туды. Пераехаў я адразу, каб не выпрабоўваць лёс. Нейкага страху не адчуваў, адаптаваўся даволі добра».

Канстанцін атрымаў грант на бясплатнае навучаньне на паўгода.

«ЭГУ выратаваў мяне з даволі непрыемнай сытуацыі і забясьпечыў магчымасьцю атрымліваць якасную адукацыю», — кажа ён. Сярод адрозьненьняў навучаньня ў Літве галоўным ён лічыць адсутнасьць ідэалягізацыі адукацыі.

«Тут студэнтам не навязваецца пункт гледжаньня, адпаведны „лініі партыі“, а наадварот, вітаецца незалежная думка і яе свабоднае выказваньне. На маю думку, беларускай сыстэме адукацыі неабходны комплексны пакет рэформаў па наступных вэктарах: дэідэалягізацыя, дэбюракратызацыя і лібэралізацыя адукацыі».

Таксама хлопец раіць тым, хто зазнаў цяжкасьці, заставацца мужнымі, ня кідацца ў роспач і захоўваць надзею.

Больш за 80 студэнтаў і 16 выкладчыкаў зьвярнуліся па дапамогу праз палітычны ціск

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт адкрыўся ў 1992 годзе ў Менску і вымушаны быў пераехаць у Вільню ў 2004-м.

«У ЭГУ мы ніколі не закрывалі праграмы дапамогі беларускім студэнтам. З моманту закрыцьця ў Менску летам 2004 году і цягам наступных гадоў былі выпадкі, калі менавіта эканамічная супольнасьць беларускіх навучальных вышэйшых установаў сутыкалася з рэпрэсіямі, ціскам на падставе палітычнага актывізму. Таму, калі мы возьмем Плошчу 2006 году ці выбары 2010-га і г. д., ЭГУ заўжды станавіўся прытулкам для студэнтаў і выкладчыкаў, якія не маглі на сваёй радзіме вучыцца ці займацца навукаю», — тлумачыць кіраўнік аддзелу камунікацыі і разьвіцьця Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Максімас Мілта.

Максімас Мілта
Максімас Мілта

На гэты момант ва ўнівэрсытэт зьвярнуліся па дапамогу праз палітычны ціск больш за 80 студэнтаў. Яны атрымалі магчымасьць навучацца бясплатна.

Таксама дапамогу атрымалі 16 дасьледчыкаў і выкладчыкаў зь беларускіх унівэрсытэтаў, Акадэміі навук. Цяпер унівэрсытэт чакае пацьверджаньне на
фінансаваньне яшчэ як мінімум трох выкладчыкаў.

«Гэта адмысловае фінансаваньне з боку ўраду Літвы, з боку МЗС Эстоніі, Швэдзкага Інстытуту, МЗС Нарвэгіі і МЗС Даніі. Дзякуючы менавіта такой кансалідаванай падтрымцы беларускія студэнты і выкладчыкі маюць магчымасьць працягваць уласную акадэмічную траекторыю ў ЭГУ без абмежаваньняў уласных свабодаў».

Ва ўнівэрсытэце ёсьць студэнты, якія перайшлі ў ЭГУ пасьля таго, як адсядзелі паводле артыкулу 23.34, і тыя, хто літаральна быў за некалькі хвілінаў ад затрыманьня. Вучацца і беларусы, якія на радзіме сталі «каталізатарам» студэнцкага руху на пачатку восені і сутыкнуліся з рэальнымі рызыкамі, кажа Максімас.

«Зь пераезду ў Вільню ў 2005 годзе мы ня ведалі, што будзем у 2021-м усё яшчэ працаваць тут, — кажа Максімас. — За гэты пэрыяд ЭГУ скончылі каля 2600 студэнтаў, зь якіх 95% зьяўляюцца беларусамі, і па выніках апытаньня, якое ладзіла сацыялягічная кампанія SATIO, звыш 68% беларусаў вярталіся ў Беларусь. Немагчыма прадказаць на наступныя 3 ці 5 гадоў, як будзе адбывацца фінансаваньне. Аднак унівэрсытэт мае донараў, як Эўрапейскі зьвяз, урады Швэцыі і Літвы, і дзякуючы ім беларускія студэнты атрымліваюць зьніжкі ці поўнае пакрыцьцё навучаньня».

Галоўным адрозьненьнем ЭГУ ад беларускіх ВНУ, акрамя акадэмічных вольнасьцяў, магчымасьці выказваць свае грамадзянскія, палітычныя погляды, Максімас лічыць мадэль навучаньня.

«Ад самага заснаваньня мы кіруемся мадэльлю „liberal arts“ (вольныя мастацтвы) і, згодна зь ёй, мы робім усе высілкі, каб студэнт, які трапляе ў ЭГУ, мог цалкам скарыстацца выбарнасьцю курсаў і тым самым выстраіць уласную акадэмічную траекторыю, згодна з асабістымі марамі і амбіцыямі».

Вельмі істотным фактарам для ЭГУ, заўважае Максімас Мілта, зьяўляецца тое, што ўнівэрсытэт стаў сябрам «Сеткі ўнівэрсытэтаў Адкрытага грамадзтва».

«Гэтая сетка аб’ядноўвае 24 унівэрсытэты і каледжы па ўсім сьвеце, якія працуюць згодна з мадэльлю „liberal arts“. Нашыя ўсе студэнты, асабліва цяпер, падчас дыстанцыйнага навучаньня праз ковід, могуць абменьвацца курсамі, удзельнічаць у супольных праектах, канфэрэнцыях і сэмінарах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG