Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйная камісія прапануе абмежаваць права прэзыдэнта выдаваць дэкрэты


Рэакцыя на прэзыдэнцкі дэкрэт, ілюстрацыйнае фота
Рэакцыя на прэзыдэнцкі дэкрэт, ілюстрацыйнае фота

Да 1 жніўня Канстытуцыйная камісія мусіць паказаць Аляксандру Лукашэнку прапановы для наступнага іх вынясеньня на рэфэрэндум.

14 траўня праходзіць чарговае пасяджэньне Канстытуцыйнай камісіі, створанай Аляксандрам Лукашэнкам. Сёньня разглядаюць паўнамоцтавы парлямэнту.

У склад камісіі ўвайшлі 36 чалавек на чале са старшынём Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам. Ніводзін апанэнт улады да супольнай працы не дапушчаны.

«У мэтах больш поўнай рэалізацыі парлямэнтам заканадаўчай функцыі прапануецца выключыць з Канстытуцыі палажэньні, якія прадугледжваюць дэлегаваньне Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі прэзыдэнту заканадаўчых паўнамоцтваў на выданьне дэкрэтаў, якія маюць сілу закону, а таксама выданьне прэзыдэнтам з сваёй ініцыятывы або на прапанову ўраду ў сілу асаблівай неабходнасьці часовых дэкрэтаў, якія маюць сілу закону», — цытуе Міклашэвіча «Інтэрфакс».

У той жа час канстытуцыйная камісія не падтрымала прапанову аб’яднаць дзьве палаты Нацыянальнага сходу ў адну, заявіў чалец камісіі, намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валеры Міцкевіч.

«Было шмат прапаноў стварыць аднапалатны парлямэнт, павялічыць колькасць дэпутатаў да 150, 180, 260 і гэтак далей. Але ў нас за мінулы пэрыяд разьвіцьця краіны склаліся пэўныя традыцыі, мэханізмы ўзаемадзеяньня ўладаў, у тым ліку і палатаў парлямэнту. Таму прапануецца ўжо апрабаваны, станоўчы вопыт працягнуць. Мы прапануем спыніцца на двухпалатным парлямэнце», — аргумэнтаваў Валеры Міцкевіч.

У лютым падчас «усебеларускага народнага сходу» Лукашэнка заявіў, што праект новай Канстытуцыі будзе гатовы цягам году, а ў пачатку 2022-га ён можа быць вынесены на рэфэрэндум.

У сярэдзіне сакавіка Лукашэнка падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі, якой даручана распрацаваць прапановы зьменаў Асноўнага закону і забясьпечыць іх ўсенароднае абмеркаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG