Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі заходніх дыпмісій ўшанавалі «загінулых герояў Другой сусветнай вайны»


Джэфры Джук і Жаклін Пэркінс на плошчы Перамогі
Джэфры Джук і Жаклін Пэркінс на плошчы Перамогі

Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэфры Джук і амбасадарка Вялікай Брытаніі Жаклін Пэркінс яшчэ 6 траўня «ўшнавалі памяць мільёнаў загінулых герояў Другой сусьветнай вайны, партызан, салдат, мірных жыхароў і многіх іншых, хто ахвяраваў сваім жыцьцём, каб наблізіць Дзень Перамогі 9 мая 1945 года».

«Вечны агонь на плошчы Перамогі, запалены 60 гадоў таму, і мэмарыял „Яма“, дзе габрэйская абшчына праводзіць штогадовыя мерапрыемствы ў Дзень памяці ахвяр Галакосту і ў Дзень Перамогі, сымбалізуюць не толькі канец самай разбуральнай вайны ў гісторыі і велізарныя страты, панесеныя беларускім народам, але і ўзорную адвагу людзей. Гэтыя помнікі — сымбалі надзеі, даніна павагі стойкасьці тых, хто выжыў, і іх імкненьню да мірнага, пасьпяховага і годнага жыцьця», — адзначаецца ў паведамленьнях дыпмісій.

Джэфры Джук і Жаклін Пэркінс на мэмарыяле ахвярам Галакосту «Яма»
Джэфры Джук і Жаклін Пэркінс на мэмарыяле ахвярам Галакосту «Яма»

Як паведамілі Свабодзе ў амбасадзе Вялікай Брытаніі, «спадарыня амбасадар была запрошана на афіцыйнае сьвяткаваньне 9 траўня, але не змагла быць на цырымоніі з-за брытанскіх абмежаваньняў па COVID-19. Таму яна разам з амэрыканскім калегам усклала кветкі асобна».

9 траўня на плошчы Перамогі ў цэнтры Менску прайшла афіцыйная цырымонія нагоды Дня Перамогі, у якой традыцыйна ўдзельнічаў Аляксандар Лукашэнка, дзяржаўныя чыноўнікі, сілавікі, прадстаўнікі рэлігійных канфэсій, і прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу.

«Для беларусаў апошні год ёсьць часам выпрабаваньняў»

Амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубель павіншаваў Беларусаў з Днём Перамогі 8 траўня, калі краіны-чальцы ЭЗ адзначаюць завяршэньне Другой сусьветнай вайны ў Эўропе.

«Мы схіляем галаву ў памяць пра кожнага салдата і кожнага цывільнага, хто загінуў за гэта, і ўшаноўваем пакаленьні, якія дзесяцігодзьдзямі нястомна працавалі, каб вярнуцца да нармальнага жыцьця, каб мы ніколі не адчулі, што такое вайна», — адзначыў Шубель.

Паводле яго, «калі ёсьць адзін урок, які мы павінны засвоіць з бурлівага 20-га стагодзьдзя, дык гэта тое, што салідарнасьць — зброя мірных».

«Для беларусаў апошні год ёсьць часам выпрабаваньняў. Як яны рабілі гэта на працягу стагоддзяў, беларусы выстаяць. Эўрапейскі саюз будзе падтрымліваць іх патрабаваньне вяршэнства права і мірнага пераходу да дэмакратычнага ладу. Таксама мы будзем надалей дапамагаць у барацьбе з COVID-19 і знаходзіць шляхі разьвіцьця сувязяў паміж нашымі краінамі і народамі дзеля агульнай бясьпекі і агульнага дабрабыту», — заявіў амбасадар Эўразьвязу.

9 траўня ў Эўразьвязе адзначаюць Дзень Эўропы. «9 мая 1950 года Роберт Шуман, тагачасны міністар замежных спраў Францыі, выказаў ідэю новай формы палітычнага супрацоўніцтва ў Эўропе, якая зробіць вайну паміж эўрапейскімі нацыямі немагчымай», — гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG