Škoda і Nivea шкадуюць, што іх пазбавілі магчымасьці абслугоўваць сваіх пакупнікоў у Беларусі, паведаміла DW.
«Урад Рэспублікі Беларусь абʼявіў пра забарону на імпарт новых аўтамабіляў Skoda Auto. Да высьвятленьня сытуацыі мясцовы імпартэр у Беларусі з 5 траўня 2021 году на няпэўны тэрмін спыніў збыт новых аўтамабіляў Skoda Auto», — канстатаваў у пісьмовым адказе на запыт DW Марцін Ежэк з прэсавай службы аўтабудаўнікоў Skoda Auto — стопрацэнтнай даччынай кампаніі нямецкага канцэрну Volkswagen.
«Мы спадзяёмся ў хуткім часе вырашыць сытуацыю ў інтарэсах нашых кліентаў», — дадаў ён.
Прадстаўнік кампаніі ня стаў адказваць на пытаньне DW, ці пастаўляліся дагэтуль аўтамабілі Škoda на беларускі рынак выключна з расейскага заводу Volkswagen у Калузе ці часткова паступалі з галаўнога прадпрыемства ў Чэхіі.
Нямецкі вытворца касмэтыкі і побытавай хіміі Beiersdorf паведаміў DW, што прыняў да ведама «сьпіс тых тавараў, якія забароненыя да імпарту і продажу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». «Мы шкадуем, што больш ня можам абслугоўваць нашых пакупнікоў у Беларусі», — зазначылі ў прэсавай службе Beiersdorf. Там ухіліліся ад адказу, якую долю ў глябальнай выручцы канцэрну займаў дагэтуль беларускі рынак.
Прэсавая служба нямецкага вытворцы маторных аліваў, аўтахіміі і аўтакасмэтыкі Liqui Moly адказала на запыт DW, што «на гэтую тэму мы ў цяперашні момант ня хочам выказвацца».
Ад 5 траўня набыла моц пастанова Савету Міністраў № 240 «Аб прымяненьні спэцыяльных мераў», якой вызначаны пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.
Гэта прадукцыя кампаній Liqui Moly, Škoda Auto і Beiersdorf (гандлёвыя маркі Nivea, Eucerin, La Prairie, Labello, Hansaplast, Florena, 8x4, Skin Stories, Gammon, Tesa, Chaul, Coppertone, Hidrofugal, Stop The Water While Using Me).
Усе згаданыя брэнды — генэральныя спонсары хакейных чэмпіянатаў сьвету.
На заклік беларускай і міжнародай супольнасьці вытворцы адмовіліся фінасаваць спаборніцтвы, якія плянаваліся сёлета ў Беларусі і Латвіі. У зьвязку з беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі супраць беларусаў хакейны форум прыме толькі Рыга.