Гурт «Крама» 12 траўня апублікаваў свой новы, 9-ы па ліку, альбом «Зацьменны блюз» на ўсіх папулярных музычных сэрвісах. Сёньня ж пройдзе і вялікі онлайн-канцэрт з прэзэнтацыяй альбому.
На запіс пайшло два гады, хаця праца над альбомам пачалася яшчэ ў 2015-м, першыя тэксты напісаў Фэлікс Аксёнцаў, вядомы, напрыклад, тэкстамі для легендарнага гурту Ulis канца 80 – пачатку 90-х гадоў. За час падрыхтоўкі альбому зьмяніўся і гітарыст: пачынаў працу Сяргей Трухановіч, а завяршыў Андрэй Краўцэвіч.
«Гэта быў няпросты альбом. Адразу пасля сканчэньня збору [грошай] распачалася пандэмія, потым жнівеньскія падзеі», — гаворыцца ў допісе гурту на «Фэйсбуку».
Музыкі падзякавалі ўсім, хто прычыніўся да збору грошай на выданьне альбому ў канцы 2019 году.
Тыдзень таму гурт прэзэнтаваў кліп на песьню «Дапіў віно» з новага альбому. У здымках роліка паўдзельнічалі як самі музыкі, так і сябры слыннага калектыву — Уладзімер Пугач, Аляксандар Памідораў, Дзяніс Дудзінскі, Хаўа Амуда.