Трубаправодныя пастаўкі нафты з РФ на НПЗ Беларусі ў траўні заплянаваны ў аб'ёме 608 тысяч тон, што ў 2 разы менш, чым у красавіку, паведамілі ў прэс-службе расейскай «Транснафты», якую цытуе «Інтэрфакс».
Пры гэтым кампанія не ўдакладняе разьбіўку паставак па кожным з двух беларускіх заводаў. Але, як паведамляе тэлеграм-канал Neftegram, Мазыру дастанецца 560 тысяч тон сыравіны, а Наваполацку толькі 50 тысяч.
Раней у Расеі не выключалі, што шэраг нафтавых кампаній адмовяцца ад паставак на «Нафтан», асьцерагаючыся наступстваў амэрыканскіх санкцый (Мазырскі НПЗ іх пазьбег). Да таго наваполацкі завод, здольны перапрацоўваць да 12 млн тон за год, атрымліваў 600-800 тысяч тон нафты штомесяц. Таму 50 тысяч тон можа быць недастаткова нават для таго, каб падтрымліваць заводзкі цыкль.
19 красавіка ўрад ЗША абавязаў амэрыканскіх контарагентаў дзевяці беларускіх кампаній завершыць усе апэрацыі зь імі да 3 чэрвеня. У чорны сьпіс увайшлі «Белнафтахім», «Белнафтахім ЗША», «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакофарба», «Нафтан», «Полацк Шкловалакно».
Раней прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка публічна заявіў, што санкцыі ЗША не спынілі паставак нафты з Расеі — маўляў, усё адбываецца «абсалютна штатна і спакойна».
Замяніць аб’ёмы ўласнай сыравінай не выпадае — у Беларусі здабываецца ня больш за 150 тысяч тон нафты за месяц, у лепшым выпадку яе можа хапіць на тыдзень працы аднаго заводу.
Пры гэтым у канцэрне «Белнафтахім» запэўніваюць, што нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць у штатным рэжыме, а аб’ём перапрацоўкі ў траўні нават перавысіць бізнэс-плян.
«Інфармацыя „Транснафты“ не супярэчыць заданьням, паколькі паказвае прамежкавыя значэньні транспартаваньня, якія, як правіла, пастаянна карэктуюцца на працягу поўнага месяца паставак», — заявіў журналістам прэс-сакратар канцэрну Аляксандар Цішчанка.