Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі вас не надрукуе ніхто». 10 дзяржаўных і прыватных друкарняў адмовілі газэце «Народная воля»


Намесьніца галоўнага рэдактара газэты «Народная воля» Марына Коктыш.
Намесьніца галоўнага рэдактара газэты «Народная воля» Марына Коктыш.

«Народная воля» спрабуе вярнуцца да выданьня газэты ў папяровай вэрсіі. Нягледзячы на тое, што апошні нумар выйшаў мінулай восеньню, пасьля чаго газэта перайшла на электронны варыянт, у офіс да гэтага часу прыходзяць чытачы «па сьвежы нумар».

«Дом друку, пэўна, чакае адмашкі зьверху. Запаляць зялёнае сьвятло ў прэзыдэнцкай адміністрацыі — будуць друкаваць, не — працягнуць прыдумляць байкі пра зламаны станок... На днях я асабіста абзваніла каля дзясятка дзяржаўных друкарняў, падпарадкаваных Міністэрству інфармацыі. Пыталася проста: надрукуеце „Народную волю“? „Мяне пахаваюць, калі я вас надрукую, і нават без ушанаваньняў...“, — адказаў дырэктар адной з рэгіянальных друкарняў. А потым яшчэ адзін, і яшчэ...», — апісала пошукі друкарні намесьніца галоўнага рэдактара Марына Коктыш.

Варыянт супрацы з прыватнымі друкарнямі давялося таксама адкінуць — адзін з гаспадароў прызнаўся, што за друк «Народнай волі» ў Беларусі ня возьмецца ніхто.

Адмовіў і ранейшы запасны варыянт з Расеяй — друкары і там атрымалі забарону на фэдэральным узроўні, аж да закрыцьця прадпрыемства.

«Нядаўна падпісалі дамову з адной маскоўскай друкарняй, аплацілі наклад. А за дзьве гадзіны да адпраўкі палос прылятае паведамленне: SOS, усё адмяняецца, нас папярэдзілі, што закрыюць, ня хочам страчваць бізнэс, да пабачэньня... Мы ў рэдакцыі з гэтай нагоды ўжо горка жартуем: шукаем друкарню, якая хоча прыгожа закрыцца. А калі сур’ёзна, вядома, не да сьмеху. Да нядаўняга часу чыноўнікі зь Мінінфармацыі адкрытым тэкстам казалі: ваша пытаньне вырашаецца зусім не на ўзроўні ведамства», — адзначыла Марына Коктыш.

Кіраўніцва выданьня спрабавала дастукацца да прэзыдэнцкай адміністрацыі, адпраўлялі тэлеграмы Ігару Сергеенку, але той робіць выгляд, што не разумее, навошта яго трывожаць.

Пасьля асьвятленьня леташніх мірных акцый пратэсту шэраг недзяржаўных выданьняў атрымалі адмовы друкаваць свае наклады ў «Беларускім доме друку». Спробы зрабіць гэта ў прыватных установах плёну таксама ня мелі.

Акрамя таго, «БелГазету», «Комсомольскую правду в Беларуси», «Народную волю», «Свободные новости» не ўключылі ў падпісны каталёг «Белпошты» на першую палову 2021 году.

З падобнымі праблемамі сутыкнуліся і многія рэгіянальныя мэдыя.

Чытаць «Народную волю» можна ў інтэрнэце. Спампоўваць усе старонкі бягучых нумароў можна на сайце nv-online.info ў раздзеле «Архіў газеты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG