У Нямеччыне і Парагваі затрыманыя чацьвёра ўдзельнікаў даркнэт-плятформы Boystown, іх абвінавачваюць у распаўсюдзе дзіцячай парнаграфіі. Праведзеныя ператрусы ў нямецкіх землях Паўночным Рэйне-Вэстфаліі, Баварыі і ў Гамбургу, паведамляе Deutsche Welle.
Адзін з найбуйнейшых у сьвеце сайтаў пэдафілаў у даркнэце заблякаваны ў выніку шматмесячнага расьсьледаваньня. Інтэрнэт-плятформа Boystown, якая ўключала ў сябе форум і некалькі чатаў, дзейнічала мінімум з чэрвеня 2019 году і налічвала больш за 400 тысяч удзельнікаў, паведаміла Фэдэральнае ведамства крымінальных справаў (BKA) у Вісбадэне ў панядзелак, 3 траўня.
Затрыманьні ў Нямеччыне і Парагваі
Трох падазраваных затрымалі ў Нямеччыне, яшчэ аднаго нямецкага грамадзяніна ўзялі пад варту ў Парагваі на падставе міжнароднага ордэру на арышт. Яго чакае экстрадыцыя ў Франкфурт-на-Майне.
Усе чацьвёра застаюцца пад вартай ад сярэдзіны красавіка, іх абвінавачваюць у распаўсюдзе дзіцячай парнаграфіі. Паводле вэрсіі сьледзтва, трое галоўных абвінавачаных былі адміністратарамі сайта, адказвалі за кіраваньне сэрвэрамі, а таксама распаўсюджвалі сярод удзельнікаў інтэрнэт-супольнасьці інструкцыі, як засьцерагчыся, каб іх ня выявілі сілы правапарадку.
Расьсьледаваньне каардынаваў Эўрапол
Улады Нямеччыны ў сярэдзіне красавіка правялі ператрусы ў 7 аб’ектах у Паўночным Рэйне-Вэстфаліі, Баварыі і Гамбургу. Гэтаму папярэднічала доўгае расьсьледаваньне, ініцыяванае Нямеччынай і скаардынаванае паліцэйскай службай Эўрапейскага Зьвязу (Эўрапол). Былі задзейнічаныя праваахоўныя органы Аўстраліі, Канады, Нідэрляндаў, ЗША і Швэцыі.
Міністар юстыцыі зямлі Гесэн Эва Кюнэ-Гёрман (Eva Kühne-Hörmann) назвала дзеяньні сьледчых фантастычным посьпехам у барацьбе з сэксуальным гвалтам над непаўналетнімі. Злачынцы ня могуць адчуваць сябе ў бясьпецы нават у даркнэце, падкрэсьліла яна.